Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра ў бундэстагу — галасаваньне па законе аб аднаполых шлюбах


Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель
Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель

Увечары ў аўторак, 27 чэрвеня, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што дэпутаты бундэстагу ад кіраванага ёю Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу (ХДС) больш не зьвязаныя пазыцыяй фракцыі ў пытаньні «шлюбу для ўсіх» — поўнага раўнапраўнага прызнаньня аднаполых шлюбаў

Верагодна, ужо ў пятніцу, 30 чэрвеня, да зьдзіўленьня многіх, у бундэстагу пройдзе галасаваньне па гэтым пытаньні. Пра гэта паведамляе «Нямецкая хваля».

«Я ведаю многіх у ХДС — і ўключаю ў іх лік сябе — хто шмат разважае над гэтай тэмай і даўно кажа, што тут існуюць розныя каштоўнасьці. І таму я б ахвотна хацела накіраваць дыскусію ў такое рэчышча, дзе гаворка ішла б пра рашэньне, якое прымаецца па «поклічы сумленьня» — такую заяву зрабіла Мэркель.

На наступны дзень сваю сваю пазыцыю выказалі сацыял-дэмакраты. Яны даўно патрабавалі ўзаконьваньня «шлюбу для ўсіх». Зыгмар Габрыель, міністар замежных справаў і віцэ-канцлер, на прэсавай канфэрэнцыі пералічыў прыклады таго, як ХДС і ХСС (Хрысьціянска-сацыяльны саюз) у апошнія гады нічога не хацелі ведаць пра такую рэформу. Паводле Габрыеля, кансэрватары неаднаразова блякавалі абмеркаваньне праблемы, апошні раз — у сакавіку бягучага году.

Лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі і кандыдат у канцлеры ад партыі Марцін Шульц запатрабаваў не чакаць выбараў у бундэстаг, а прыняць рашэньне: «Мы лічым, што прыняцьце рашэньня па гэтым пытаньні „па поклічы сумленьня“ зараз ня трэба адкладаць у доўгую скрыню. Яно можа быць прынятае ўжо на гэтым тыдні. Сумленьне ж не зьвязанае тэрмінамі».

Доўгі час далёка не ўсе дэпутаты ад ХДС і ХСС падтрымлівалі ідэю шлюбу для гомасэксуалаў і лесьбіянак.

Як адзначае «Нямецкая хваля», пасьля таго, як сацыял-дэмакраты абвясьцілі намер вынесьці пытаньне на парадак дня, канцлер апынулася пад ціскам, паколькі апазыцыя ў асобе Левай партыі і «зялёных» таксама падтрымлівае «шлюб для ўсіх». І Мэркель, захацела выключыць рызыку паразы ад сацыял-дэмакратаў і апазыцыі пры галасаваньні па гэтым пытаньні ў бундэстагу, абвясьціўшы пра сваю новую пазыцыю.

Паводле «Нямецкай хвалі» многія дэпутаты ад блёку ХДС/ХСС прагаласуюць за «шлюб для ўсіх».

Як паведамляе выданьне Мядуза на спасылкай на апытаньне на замову газэты Bild тры чвэрці немцаў падтрымліваюць паўнапраўныя аднаполыя шлюбы. Нават сярод выбарнікаў ХДС/ХСС — узровень падтрымкі 73%. Супраць аднаполых шлюбаў толькі прыхільнікі ультраправай «Альтэрнатывы для Нямеччыны», але іх у Нямеччыне ня так шмат.

Калі закон будзе прыняты, то нямецкія аднаполыя пары змогуць заключаць шлюбы і ўсынаўляць дзяцей ужо да канца гэтага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG