Пхэньян абвінавачвае іх у змове з мэтай забойства лідэра КНДР Кім Чэн Ына і патрабуе ад Сэулу іх выдачы. Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.
Паводле дадзеных паўночнакарэйскага дзяржаўнага агенцтва навінаў, указ пра сьмяротнае пакараньне Пак Кын Хе і Лі Бён Хо выдадзены сумесна міністэрствам дзяржаўнай бясьпекі, міністэрствам грамадзкай бясьпекі і цэнтральнай пракуратурай КНДР.
Пак Кын Хе пакінула прэзыдэнцкую пасаду ў сакавіку 2017 года ў выніку імпічмэнту, выкліканага карупцыйным скандалам. Цяпер яна знаходзіцца пад арыштам у Паўднёвай Карэі ў чаканьні суду.
Выведка Паўднёвай Карэі назвала абвінавачваньні Пхэньяну беспадстаўнымі, а пагрозы на адрас сваёй краіны — недаравальнымі.
У пачатку траўня міністэрства дзяржаўнай бясьпекі КНДР распаўсюдзіла заяву, у якой гаварылася, што нейкая тэрарыстычная група пры падтрымцы ЦРУ ЗША і выведкі Паўднёвай Карэі пранікла ў КНДР з мэтай учыненьня забойства лідэра краіны з дапамогай нейкага біяхімічнага рэчыва.
Сёлета ў лютым у малайзійскім аэрапорце быў забіты зводны брат цяперашняга кіраўніка КНДР Кім Чэн Нам. Ён быў забіты пры дапамозе атрутнага рэчыва.
У панядзелак японская газэта «Асахі Сімбун» паведаміла са спасылкай на неназваныя крыніцы, што ў 2015 годзе, калі Пак Кын Хе была яшчэ прэзыдэнткай, яна зацьвердзіла плян па адхіленьні ад улады лідэра КНДР Кім Чэн Ына. Рэалізацыя пляну, паводле дадзеных газэты, была ўскладзеная на паўднёвакарэйскую выведку.