Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ шкадуе аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі і заклікае прыпыніць будаўніцтва АЭС


Будоўля Беларускай АЭС, Астравец

Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, якую прыняла ўчора ў Страсбуры Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы.

Як паведамляе БелаПАН, у дакумэнце адзначаюцца некаторыя пазытыўныя крокі, у прыватнасьці, вызваленьне ўсіх палітвязьняў, прысутнасьць у палаце прадстаўнікоў дзьвюх незалежных дэпутатак і рэгістрацыя руху «Гавары праўду».

Рэзалюцыя ўтрымлівае заклік да ўладаў Беларусі да далейшых дзеяньняў, у тым ліку — поўнай рэабілітацыі і аднаўленьні ў грамадзянскіх і палітычных правах былых палітвязьняў.

У рэзалюцыі выказваецца шкадаваньне з нагоды таго, што пазытыўная тэндэнцыя да большай міжнароднай адкрытасьці і дыялёгу паміж Беларусьсю і ПАРЭ «была падарваная нядаўняй эскаляцыяй гвалту і перасьледам мірных дэманстрантаў вясной 2017 году».

ПАРЭ заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць актывістаў апазыцыі, якія застаюцца ў зьняволеньні, і правесьці расьсьледаваньне паведамленьняў аб жорсткім абыходжаньні зь імі.

Па ініцыятыве літоўскіх дэпутатаў у рэзалюцыю была ўнесена папраўка, якая зьмяшчае заклік прыпыніць будаўніцтва БелАЭС з-за «шматлікіх парушэньняў, адсутнасьці павагі да міжнародных стандартаў ядзернай бясьпекі і сурʼёзных парушэньняў бясьпекі і значных інцыдэнтаў пры будаўніцтве».

Нягледзячы на пярэчаньні некаторых парлямэнтараў, што гэтае пытаньне не адносіцца да сфэры правоў чалавека і дзейнасьці ПАРЭ, папраўка была вынесеная на галасаваньне і прынятая. За ўнясеньне папраўкі ў рэзалюцыю прагаласавалі 34 дэпутаты, супраць — 21.

У рэзалюцыі таксама гаворыцца, што ПАРЭ падтрымлівае працяг кантактаў з уладамі і незалежным грамадзянскай супольнасьцю Беларусі на аснове каштоўнасьцяў і дэмакратычных стандартаў Рады Эўропы. Беларусь заклікаюць увесьці неадкладны мараторый на сьмяротнае пакараньне і не прыводзіць у выкананьне ўжо вынесеныя сьмяротныя прысуды.

Пры гэтым адзначаецца, што пры адсутнасьці мараторыя на сьмяротнае пакараньне і прагрэсу ў пытаньні павагі дэмакратычных прынцыпаў і каштоўнасьцяў Бюро ПАРЭ не можа аднавіць статус спэцыяльна запрошанага для Нацыянальнага сходу Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG