Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім ВНУ і каледжам раптам забаранілі выдаваць «свабодны дыплём»: разьмеркаваць трэба ўсіх


Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко распарадзіўся аб стоадсоткавым прымусовым разьмеркаваньні на працу студэнтаў ВНУ і каледжаў, якія навучаліся на бюджэтнай форме. Партал Tut.by апублікаваў ліст са спасылкай на адпаведнае даручэньне Жарко, самога даручэньня ў адкрытым доступе няма.

Начальнік упраўленьня вышэйшай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Касьпяровіч пацьвердзіў парталу факт правядзеньня «100-працэнтнага разьмеркаваньня». Ён адзначыў, што «свабодны дыплём» могуць даць, напрыклад, калі муж едзе да жонкі туды, дзе няма працы.

Распараджэньне Жарко датаванае 1 чэрвеня, хоць папярэдняе разьмеркаваньне праводзілася ў сакавіку, а канчатковае — у красавіку. У красавіку ж былі падпісаныя загады аб выдачы «свабодных дыплёмаў» там, дзе вакансіяў для прымусовага разьмеркаваньня не было. Паводле палажэньня аб разьмеркаваньні, будучае месца працы мае быць вядомым за два месяцы да выпуску, але распараджэньне пра фактычную забарону «свабодных дыплёмаў» дайшло да ВНУ за тыдзень да выпуску.

Выпускнікам, якія ўладкаваліся на недзяржаўную працу і чакалі «свабоднага дыплёму», Касьпяровіч параіў прасіць працадаўцаў падаваць заяўкі на разьмеркаваньне. Маўляў, не прымаць заяўкі ў ВНУ ня маюць права, але калі заявак зашмат, найперш будуць задавольваць «замовы базавых арганізацыяў; потым тых, дзе студэнты былі на практыцы». Але, на думку чыноўніка, цяпер няма сытуацыі з надта вялікай колькасьцю заявак там, дзе ў час папярэдняга разьмеркаваньня іх бракавала.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG