Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У масавай сьвядомасьці добра ўкаранілася, што павышаны артэрыяльны ціск уяўляе сабой вельмі небясьпечную зьяву, бо вядзе да вялікай колькасьці сардэчна-судзінных ускладненьняў, такіх як інфаркт міякарда, інсульт, хранічная сардэчная ці ныркавая недастатковасьць.

Але ў артэрыяльнага ціску ёсьць і адваротны бок мэдаля — паніжаныя значэньні сысталічнага і дыясталічнага ціску. Сёньня мы хацелі б пагаварыць пра небясьпеку рэзкага зьніжэньня артэрыяльнага ціску ў людзей сталага ўзросту пры перамене пазыцыі цела з гарызантальнага на вэртыкальнае, напрыклад, падчас хуткага ўставаньня з ложка. Такі сымптом у навуцы пра старых людзей — герыятрыі — завецца артастатычная гіпатэнзія.

Артастатычная гіпатэнзія — гэта рэзкае падзеньне артэрыяльнага ціску на працягу трох хвілін пасьля пераходу ў вэртыкальнае становішча, прычым сысталічны артэрыяльны ціск зьніжаецца болей чым на 20 мм рт сл, а дыясталічны ціск болей чым на 10 мм рт сл. Артастатычная гіпатэнзія найбольш часта назіраецца ў людзей ва ўзросьце пасьля 70-ці гадоў, што абумоўлена атэрасклератычным пашкоджаньнем буйных судзінаў, дзе знаходзяцца спэцыяльныя барарэцэптары, якія рэгулююць артэрыяльны ціск.

Да найбольш небясьпечных наступстваў артастатычнай гіпатэнзіі адносяцца падзеньні і траўмы, напрыклад, пералом шэйкі сьцягна. Сталы чалавек падае пры празьмерна рэзкім пад’еме з ложка таму, што ў яго на фоне празьмернага зьніжэньня артэрыяльнага ціску падае крыванапаўненьне судзінаў галаўнога мозга, цямнее ў вачах, чалавек перастае кантраляваць свой асабісты балянс. Дарэчы, колькасьць выпадкаў артастатычнай гіпатэнзіі значна павялічваецца ў летні час, паколькі з прычыны недастатковага прыёму вадкасьці адбываецца згушчэньне крыві, што ў значнай ступені пры падзеньні артэрыяльнага ціску пагаршае стае мазгавога крывазвароту і спрыяе падзеньням.

Ну а цяпер практычная парада — як прадухіліць артастатычную гіпатэнзію. Гэта досыць проста. Па-першае, чым старэйшы чалавек, тым больш асьцярожна і павольна ён павінен уставаць з ложка, крэсла або наогул — пераходзіць з гарызантальнага ў вэртыкальны стан. Па-другое, спаць пажадана з узьнятым галаўным канцом ложка, ня менш чым да 15 — 20 см або на нахіленай плоскасьці — да 15 градусаў. І трэцяе — чалавек сталага ўзросту не павінен абмяжоўваць сябе ў прыёме вадкасьці, асабліва ў летні час, калі патрэба ў вадзе значна павялічваецца.

Выкананьне гэтых простых парад, разам з веданьнем пра такую небясьпечную зьяву як артастатычная гіпатэнзія дазволіць старым людзям пазьбегчы яе наступстваў, найперш — сындрому падзеньня.

XS
SM
MD
LG