Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адміністрацыі прэзыдэнта разгледзяць праект зьмяненьняў у дэкрэт аб «дармаедах»


На разгляд Адміністрацыі прэзыдэнта ўнесены новы праект зьмен у дэкрэт кіраўніка дзяржавы № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» (у народзе ён больш вядомы як дэкрэт «аб дармаедах»).

Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар прэмʼер-міністра Ўладзіслаў Сычэвіч, піша БелаПАН.

Дэкрэт, які быў прыняты 2 красавіка 2015 году, выклікаў хвалю пратэстаў. У лютым-сакавіку 2017 году тысячы беларусаў выйшлі на вуліцу па ўсёй Беларусі.

Паводле зьвестак Міністэрства па падатках і зборах, падатак выплацілі больш за 54 тысяч чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 мільёна рублёў.

9 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, на якой заявіў, што адмяняць дэкрэт ня стануць, але на працягу году збор спаганяць ня будуць.

«Хто аплаціў у 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 году, калі ён ня будзе працаваць. Калі ён паступіць на працу, мы зь бюджэту па ягоным патрабаваньні вернем гэтыя грошы», — паабяцаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандар Лукашэнка даручыў мясцовым уладам да 1 красавіка вызначыць сьпісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе дэкрэту № 3.

З моманту правядзеньня гэтай нарады дзеяньне дакумэнту фактычна замарожанае. Збор не спаганяецца, але і не вяртаецца тым, хто яго сплаціў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG