Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовы выканаўца патрабуе ад Рымашэўскага аплаты 1000 даляраў штрафаў


Віталь Рымашэўскі (зьлева) на Першатравеньскім мітынгу ў Гомелі, 2017 год

Паводле сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, яму патэлефанаваў судовы выканаўца і паставіў перад фактам: трэба аплаціць два штрафы на агульную суму каля 2000 рублёў (больш за 1000 даляраў у эквіваленце).

«За апошнія паўгода ў мяне было больш за 10 судоў, — гаворыць палітык. — За ўдзел у акцыях пратэсту, санкцыянаваных ці несанкцыянаваных, рашэньне было аднолькавым — штраф. Сумы празьмерна вялікія для мяне і для маёй сям’і, таму, вядома, выплаціць усё адразу няма ніякай магчымасьці. А пагрозы праз судовых выканаўцаў — адзін са спосабаў ціску, які выкарыстоўвае беларускі рэжым».

Паводле Рымашэўскага, у сакавіку судовыя выканаўцы ўжо прабіваліся на ягоную прыватную тэрыторыю і, не назваўшыся, спрабавалі перапісваць маёмасьць:

«Як потым патлумачыла раённае кіраўніцтва, якое адказвае за выкананьне пакараньняў, за тры дні да гэтага ім прыйшла папера аб неабходнасьці спагнаньня неаплачанага штрафу за акцыю пратэсту — і вось ужо праз тры дні без усялякага папярэджаньня яны імкнуліся трапіць у мой дом. Звычайна робіцца папярэджаньне аб неабходнасьці выплаты штрафу, тут жа ўсё было звышхутка, відавочна, на загадзе зьверху», — лічыць сустаршыня БХД.

Новыя патрабаваньні «тэрмінова аплаціць штраф» Віталь Рымашэўскі зьвязвае з маючым адбыцца ў Менску паседжаньнем Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, а таксама зь міжнароднай актыўнасьцю дэмакратычных актывістаў — візытамі ў Бэрлін, Страсбур і Брусэль:

«Гэта спосаб ціску, спроба запалохаць, бо лябістам рэжыму на Захадзе і ўладам у самой Беларусі вельмі нявыгадна, каб успаміналі аб правах чалавека, каб гучалі сёньня патрабаваньні аб вызваленьні палітвязьняў, якіх у Беларусі блізу двух дзясяткаў чалавек. Практыка дзеяньняў беларускага кіраўніцтва паказвае: на жаль, сытуацыя ў краіне ніяк не памянялася», — падсумоўвае Віталь Рымашэўскі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG