Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канада здымае абмежаваньні з гандлю зь Беларусьсю


Беларусь, якую папярэдні прэм’ер Канады Стывэн Харпэр публічна называў дыктатурай, неўзабаве будзе адкрытая для канадзкага гандлю, паведамляе CBС News.

Цяперашні лібэральны ўрад Канады працуе над зьмякчэньнем гандлёвых абмежаваньняў, уведзеных амаль 10 гадоў таму ў дачыненьнях зь Беларусьсю, нягледзячы на паведамленьні аб парушэньні правоў чалавека ў краіне.

Выдаленьне Беларусі са сьпісу адкрые новыя магчымасьці для бізнэсу канадзкіх кампаніяў, падкрэсьлівае BС News. Новае рашэньне ўступіць у сілу ад 12 чэрвеня.

Міністэрства міжнародных справаў і міжнароднага гандлю Канады заявіла, што выключае Беларусь са сьпісу, бо тое самае зрабілі ЗША і Эўрапейскі зьвяз. «Гэты перагледжаны падыход адлюстроўвае прызнаньне Каналай таго, што ўрад Беларусі дамогся прагрэсу ў ключавых галінах, уключна з вызваленьнем палітвязьняў і правядзеньнем мірных прэзыдэнцкіх выбараў у кастрычніку 2015 году», — гаворыцца ў заяве.

Канада таксама адзначыла ролю Беларусі ў правядзеньні перамовах па мірным урэгуляваньні ва Ўкраіне.

Прэс-сакратар МЗС Канады Джон Бэбкак паведаміў, што ў рамках новай стратэгіі Канада нядаўна акрэдытавала амбасадара ў Беларусі.

Заклапочанасьць праваабаронцаў

Human Rights Watch адзначае, што, нягледзячы на «сяброўскую рыторыку», у Беларусі не адбываецца сапраўднага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека. Арганізацыя нагадвае, што Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай са сьмяротным пакараньнем і не зьбіраецца ўводзіць на яго мараторый. Працягваецца перасьлед «праваабаронцаў і крытычна настроеных журналістаў паводле непраўдзівых абвінавачаньняў», — гаворыцца ў дакладзе Human Rights Watch World Report 2017, апублікаваным 29 студзеня. Арганізацыя таксама акцэнтуе ўвагу на заканадаўстве, якое абмяжоўвае свабоду выказваньня, пашыраючы рамкі паняцьця «экстрэмізм».

Amnesty International нагадвае, што Беларусь працягвае адмаўляцца ад супрацоўніцтва з адмысловым дакладчыкам ААН па правах чалавека і працягвае сачыць за сваімі грамадзянамі.

«Прававыя рамкі, якія рэгулююць сакрэтнае назіранне, дазваляюць уладам праводзіць шырокамаштабнае сачэньне за сваімі грамадзянамі практычна без падставаў»? — гаворыцца ў дакладзе Amnesty за 2016-17 гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG