Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэп ЗША гатовы выконваць іміграцыйны ўказ Трампа


Гэзэр Наўэрт
Гэзэр Наўэрт

Замежнапалітычнае ведамства ЗША будзе дзейнічаць прафэсійна, арганізавана і своечасова.

Дзяржаўны дэпартамэнт будзе выконваць забарону прэзыдэнта Дональда Трампа на ўезд на тэрыторыю ЗША «упарадкаваным чынам», у адпаведнасьці з распараджэньнем Вярхоўнага суду, паведаміла прэс-сакратарка Дзярждэпу ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Мы таксама падтрымліваем кантакты з нашымі партнэрамі ў ажыцьцяўленьні Праграмы прыёму ўцекачоў у Злучаныя Штаты і будзем інфармаваць іх пра зьмены, калі яны ўступяць у сілу», — сказала Гэзэр Наўэрт.

Раней Вярхоўны суд ЗША заявіў, што разгледзіць справу аб іміграцыйным указе прэзыдэнта Дональда Трампа, а пакуль большасьць палажэньняў указу можа ўступіць у сілу.

Абноўленая вэрсія прэзыдэнцкага ўказу Трампа забараняе ўезд у краіну грамадзянам шасьці краінаў зь пераважна мусульманскім насельніцтвам на 90 дзён і на 120 дзён прыпыняе праграму прыёму ўцекачоў. Згодна з указам, гэтыя захады неабходныя для перагляду працэсу праверкі тых, хто ўяжджае ў краіну, з мэтай засьцерагчы яе ад вонкавых пагрозаў.

Указ быў заблякаваны забароннымі пастановамі двух судоў, са штатаў Гаваі і Мэрылэнд. Абедзьве пастановы былі пакінутыя ў сіле апэляцыйным судамі.

Аднак Вярхоўны суд палічыў за лепшае больш выбіральны падыход, дазволіўшы ўвесьці забарону на ўезд для грамадзян Лібіі, Ірану, Самалі, Судану, Сырыі і Емену, а таксама прыпыніць прыём уцекачоў.

Пры гэтым судзьдзі заявілі, што забарона на ўезд ня можа распаўсюджвацца на «замежных грамадзянаў, якія на дакладнай падставе заяўляюць аб наяўнасьці добрасумленных стасункаў зь фізычнай або юрыдычнай асобай у Злучаных Штатах».

Суд дае азначэньне такіх узаемаадносін: для прыватных асобаў гэта роднасныя сувязі, для студэнтаў — паступленьне ў каледж ці ўнівэрсытэт, для работнікаў — прапанова аб прыёме на працу.

Як чакаецца, судзьдзі разгледзяць справу аб забароне на ўезд восеньню, аднак яны адзначылі, што таксама абмяркуюць пытаньне пра тое, ці будзе справа ўсё яшчэ актуальная на той момант. Прапісаныя ва ўказе захады заяўленыя як часовыя: мяркуецца, што яны будуць дзейнічаць, пакуль урад вядзе перагляд пратаколаў бясьпекі.

Трое з найбольш кансэрватыўна настроеных судзьдзяў выказалі частковую нязгоду з вынесенай пастановай. Судзьдзя Кларэнс Томас, выступаючы таксама ад асобы судзьдзяў Ніла Горсача і Сэм’юэла Аліта, выказаў сумнеў у тым, ці ўдасца забясьпечыць частковае выканьне ўказу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG