Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведкі атрымаюць права на адваката падчас допыту — прапануецца норма, зь якой спазьніліся на 95 гадоў


Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разгледзелі дапаўненьне ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі. Міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі назваў яго «вельмі важным».

Сутнасьць новаўвядзеньня ў тым, што грамадзянін, якога сьледчы выклікае ў якасьці сьведкі, атрымае права ісьці туды разам з адвакатам. Пакуль што прысутнасьць абаронцы магчымая, але толькі з санкцыі сьледчых органаў, якія дазвол могуць даць, а могуць і не.

Алег Сьліжэўскі сказаў, што бываюць сытуацыі, калі чалавек, выкліканы ў якасьці сьведкі, няправільна зразумеў пытаньне, ня так сфармуляваў сваю пазыцыю ці элемэнтарна ня ведае, што адказаць. У гэтым выпадку адвакат яго зарыентуе. Паводле міністра, у прысутнасьці адваката «ня будзе ажыцьцяўляцца маральнае ды іншае ўзьдзеяньне на сьведку».

Старшыня камісіі ў пытаньнях заканадаўства Палаты прадстаўнікоў Натальля Гуйвік, абмяркоўваючы зьмену ў заканадаўстве, нагадала, што сёлета адзначаецца 95 гадоў беларускай адвакатуры.

«І я лічу, што мы спазьніліся з гэтай нормай акурат на столькі ж — на 95 гадоў. Тое, што сказаў сьведка без адваката, далей ужо ня зьменіш. Таму трэба, каб адвакат абавязкова прысутнічаў пры допыце».

Натальля Гуйвік падкрэсьліла, што норма прымаецца зь ініцыятывы Канстытуцыйнага Суду. А таму прапанавала прыняць дапаўненьне адразу ў двух чытаньнях.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка назваў прапанову дэпутаткі залішне «эмацыйнай», і справа абмежавалася ўхваленьнем дапаўненьня ў першым чытаньні.

XS
SM
MD
LG