Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч наведае 6 ліпеня мястэчка Капаткевічы, 7 ліпеня — Гомель


Сьвятлана Алексіевіч

У вёсцы Капаткевічы Петрыкаўскага раёну нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч сустрэнецца з аднаклясьнікамі, выпускнікамі мясцовай сярэдняй школы, якія, як і сама пісьменьніца, скончылі яе ў 1965 годзе.

На сустрэчы са славутай выпускніцай, ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры маюць прысутнічаць некаторыя школьныя сяброўкі пісьменьніцы, землякі.

«Гэта фантастыка, што ў школу прыедзе Сьвятлана Аляксандраўна», — лічыць Надзея Коржык, якая ў школьныя гады сябравала з Алексіевіч.

7 ліпеня а 18-й гадзіне ў Гомлі адбудзецца сустрэча Алексіевіч з журналістамі, блогерамі, мясцовымі пісьменьнікамі і грамадзкімі актывістамі рэгіёну. Пройдзе яна ў грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52.

З прычыны малых памераў памяшканьня трапіць на сустрэчу можна будзе толькі па асабістым запрашэньні арганізатараў. Аднак назіраць і слухаць пісьменьніцу можна будзе ў жывым эфіры праз інтэрнэт. Ахвотныя змогуць зрабіць гэта і пад дахам летняга амфітэатру на той жа вуліцы Палескай, дзе будзе наладжаная відэатрансьляцыя сустрэчы.

Паездкай пісьменьніцы на радзіму апякуюцца Гомельскі грамадзка-палітычны цэнтар, рэгіянальныя філіі БАЖу і Беларускага саюзу пісьменьнікаў.

Раней плянавалася, што сустрэча нобэлеўскай ляўрэаткі з чытачамі можа адбыцца ў абласной бібліятэцы. Аднак дырэкцыя гэтай установы парушыла папярэдняю дамоўленасьць, спаслаўшыся на занятасьць аўдыторыі іншымі мерапрыемствамі.

Пытаньні да Сьвятланы Алексіевіч можна даслаць праз электронную пошту: gomelcivil52@gmail.com.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG