Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэканструкцыю трасы на Вільню зробяць за грошы Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку


Ілюстрацыйнае фота. Чарга на беларуска-літоўскай мяжы

Беларусь мае намер пачаць рэканструкцыю дарогі М7, якая зь Менску вядзе да мяжы зь Літвой.

Мяркуецца, што траціна гэтай трасы будзе з чатырохпалосным рухам, 2/3 застануцца двухпалоснымі, але будзе праведзены якасны рамонт. На гэтыя работы патрабуецца каля 80 мільёнаў даляраў.

Крэдытаваць праект будзе Эўрапейскі інвэстыцыйны банк, які знаходзіцца ў Люксэмбургу. Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на апошнім веснавым пасяджаньні ратыфікавалі дамову паміж Беларусьсю і гэтай фінансавай установай.

Камэнтуючы праект, першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Дзьмітры Крутой сказаў, што Эўрапейскі інвэстыцыйны банк — выгадны партнэр. Звычайна ўстанова фінансуе да 50% кошту праекту на самых ільготных умовах. У прыватнасьці, крэдыт на 25 гадоў пад 1-3%, прычым першыя 5 гадоў пазыка не выплочваецца.

«Такіх „доўгіх“ грошай не дае ў сьвеце ніхто», — сказаў Дзьмітры Крутой.

Ён таксама падкрэсьліў, што, акрамя рэканструкцыі дарогі да Літвы, ёсьць дамоўленасьць пра ажыцьцяўленьне яшчэ двух праектаў. Па-першае, аднаўленьне водаачышчальнай сыстэмы ў Менску (на гэтыя мэты пойдзе 145 мільёнаў даляраў).

Па-другое, фінансаваньне прыватнага сэктару. Пры гэтым спадар Крутой назваў такую лічбу: летась Эўрапейскі інвэстыцыйны банк на фінансаваньне прыватнага бізнэсу краінам, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, выдзеліў больш за 4 мільярды даляраў. Асноўную частку сродкаў атрымалі Ўкраіна і Грузія.

Да нядаўняга часу Беларусь разам з Туркмэністанам і Ўзбэкістанам заставаліся трыма постсавецкімі краінамі, якія ня мелі дачыненьняў з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам. Менск зьбіраўся ратыфікаваць пагадненьне раней, але ў сувязі з тым, што цягам 2011-2016 гадоў супраць Беларусі дзейнічалі эўрапейскія санкцыі, падпісаньне дамовы было немагчымае. Калі летась санкцыі былі зьнятыя, такая магчымасьць зьявілася.

Бізнэс-партнэрам Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку стане «Беларусбанк».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG