Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да чаго прывядзе абясцэньваньне беларускага рубля


Удзельнікі: Валянцін Жданко, Уладзімер Глод і Валер Карбалевіч.

Валянцін Жданко: Учора ўпершыню за досыць працяглы час беларускі рубель абясцэніўся адразу адносна трох валют так званага «кошыка», у тым ліку і да расейскага рубля.

Галоўнай прычынай дэвальвацыі, якую мы цяпер назіраем, называюць звычайна залежнасьць беларускай валюты ад расейскай. Падае апошнія дні расейскі рубель — зьніжаецца і беларускі. Абясцэньваньне расейскага рубля, у сваю чаргу, выклікана наступнымі прычынамі:

  • Зьніжэньнем нафтавых коштаў;
  • Палітычнай напружанасьцю (санкцыі ЗША);
  • Актывізацыяй сыходу ад рубля заходніх інвэстараў.
  • Гэта можа прывесьці да такіх наступстваў у Беларусі:
  • Пагрозы для той пасьлядоўнай рынкавай палітыкі, якую настойліва праводзіў Нацбанк на працягу апошніх двух гадоў;
  • Адтоку рублёвых банкаўскіх укладаў (а на такіх укладах вельмі многія ў Беларусі няблага зараблялі дзякуючы ўмацаваньню рубля);

Адпаведна, можа зьменшыцца і той актыўны прыток валюты, дзякуючы якому рубель заставаўся стабільным (купля валюты банкамі ў насельніцтва ўжо працяглы час перавышала продажы). Ва ўмовах, калі рубель працягне слабець, зьнятыя з рублёвых дэпазытаў грошы насельніцтва немінуча будуць канвэрсаваныя ў валюту.

Значна прасьцей можна будзе выканаць абяцаньне ўлады: да канца году сярэдні заробак дасягне 1000 рублёў. Чыноўнікі апошнім часам гавораць менавіта пра 1000 рублёў, а не 500 даляраў, як раней.

Звыклы для любой дэвальвацыі спадарожнік — высокая інфляцыя, ад якой беларусы ўжо пасьпелі адвыкнуць.

Але затое значна прасьцей можна будзе выканаць абяцаньне ўлады: да канца году сярэдні заробак у Беларусі дасягне 1000 рублёў. Заўважу, што чыноўнікі ўсьлед за Лукашэнкам апошнім часам гавораць менавіта пра 1000 рублёў, а не 500 даляраў, як раней. І гэтая акалічнасьць падаецца мне істотнай.

Валер Карбалевіч: Здаецца, стабільнасьць абменнага курсу рубля, якой так ганарыліся беларускія эканамічныя ўлады, спыняецца. Беларускі рубель падае ўсьлед за расейскім рублём, а апошні — усьлед за падзеньнем цэнаў на нафту. Дарэчы, цікава, што сусьветныя цэны на нафту падаюць, нягледзячы на абвастрэньне канфлікту вакол Катара, то бок у рэгіёне, дзе здабываецца найбольш нафты ў сьвеце.

Расейскія эканамічныя ўлады раней адзначалі, што расейскі рубель пераацэнены, ён павінен слабець. І вось, скарыстаўшыся гэтым падзеньнем нафтавых цэнаў, яны аслабілі свой рубель. Таму Беларусі не заставалася нічога іншага, як адпаведна аслабляць свой рубель. Інакш беларускі экспарт у Расею абваліўся б.

Аслабленьне рубля можа падштурхнуць інфляцыю

Сапраўды, аслабленьне рубля можа падштурхнуць інфляцыю. А нядаўна Лукашэнка, наведваючы Гомельскую вобласьць, хваліўся, што ўжо сёлета праблема росту цэнаў будзе амаль зьнятая.

Цяжка прагназаваць, як гэта паўплывае на суадносіны куплі і продажу валюты насельніцтвам. Бо, напрыклад, калі ў каго ёсьць валюта, то здаваць яе цяпер трохі выгадней.

Узмацненьне курсу даляра будзе мець яшчэ адно наступства, палітычнае. Лукашэнка паставіў задачу давесьці да канца году сярэдні заробак да 500 даляраў. Праўда, пазьней гэтая задача была скарэктаваная, цяпер гавораць пра 1000 рублёў.

Так, цяпер дасягнуць гэтай лічбы заробку ў 1 тыс. рублёў будзе крыху лягчэй. Але ж усе чулі, памятаюць, што Лукашэнка казаў пра 500 даляраў. Дык вось узмацненьне курсу даляра робіць гэтую задачу яшчэ больш складанай.

Уладзімер Глод: Фактары, якія працуюць супраць беларускага рубля, Валянцін Жданко грунтоўна пералічыў. Я дадам толькі яшчэ адзін — нізкімі застаюцца цэны на калійныя ўгнаеньні, а гэта другая асноўная крыніца паступленьня валюты пасьля нафтапрадуктаў. Днямі я прысутнічаў у Авальнай залі Палаты прадстаўнікоў, дзе выступаў намесьнік міністра фінансаў Юры Селівёрстаў. І хтосьці з дэпутатаў запытаўся: а чаму, калі вярстаўся бюджэт на 2017 год, цэны на калійныя ўгнаеньні былі завышаныя? Чыноўнік прызнаўся, што тады пралічыліся і спадзяваліся на лепшае.

І яшчэ на адну дэталь зьвярну ўвагу. Калі Валер Карбалевіч казаў пра Катар, то трэба згадаць і Іран. Іран пасьля дзесяцігодзьдзя пад санкцыямі атрымаў нарэшце права прадаваць нафту — і паказаў, што гатовы выстаўляць яе на рынак па невысокіх цэнах. Так што гэта такі чыньнік, які дзейнічае ў супрацьлеглым кірунку і зьбівае нафтавыя цэны.

Калі расейскі будзе слабець, Беларусь пачне губляць на экспарце ў Расею

Мне падаецца, вельмі шмат у лёсе беларускага рубля вызначыць стан расейскага рубля. Зразумела, што аслабленьне расейскага садзейнічае дэвальвацыі беларускага. Бо калі расейскі будзе слабець, мы пачнём губляць на экспарце ў Расею. То бок тыя ж самыя вырабы будуць даваць Беларусі меншы прыбытак. А ў Расеі рубель застаецца пад ціскам. Прычыны тыя самыя — адсутнасьць аптымізму на нафтавым рынку, узмацненьне пазыцый даляра на глябальных пляцоўках і, як вынік, рост ціску на рызыкоўныя актывы. Тут усё працуе супраць расейскага рубля.

І яшчэ на адну дэталь, пра якую казаў Валянцін Жданко, я зьвярну ўвагу. Ён адзначаў, што замежныя інвэстары актыўна выходзяць з рублёвай зоны. Але чаму гэта робіцца? На гэтым тыдні я прачытаў на адным зь фінансавых сайтаў, што гэта робіцца з парады прэзыдэнта Трампа. Нават, мне падаецца, больш правільна казаць — бізнэсоўца Трампа. Ён ацаніў сытуацыю на расейскім фінансавым рынку і параіў амэрыканскім бізнэсоўцам неадкладна вярнуць расейскія каштоўныя паперы і атрымаць за іх «жывыя даляры». Падобна, што гэтая інфармацыя праўдзівая, ба кіраўніца Цэнтрабанку Расеі спадарыня Набіуліна ўжо заявіла, што яе банк выкупіць гэтыя паперы, якія ацэньваюць у 34 мільярды даляраў. Гэта вялікая сума нават для Расеі.

Таму я думаю, што застаецца толькі спадзявацца, што і ў далейшым у беларускага Нацбанку хопіць прафэсіяналізму, каб працягваць курс на здушэньне інфляцыі. А ва ўраду хопіць розуму ня ўмешвацца ў дзейнасьць рэгулятара. Хіба што калі да гэтага не прымусіць адзін добра вядомы чалавек.

А што тычыцца магчымых наступстваў бліжэйшым часам, то я ўпэўнены: трэба чакаць ад насельніцтва пераводу беларускіх рублёў у валюту. Звычайна так яно рэагуе на падобныя сытуацыі. І няма ніякіх прыкметаў, што зараз зьявіцца нешта новае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG