Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец Андрэй Крот: кожны дасьледчык прыпісвае Скарыну сваёй канфэсіі


а.Андрэй Крот

У Віцебску сёньня адбываецца Міжнародная навукова-практычнай канфэрэнцыя «Францішак Скарына і яго духоўная спадчына ўчора і сёньня».

Канфэрэнцыю арганізавалі Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Пятра Машэрава, Віцебская дыяцэзія рымска-каталіцкай царквы і Біблійнае таварыства Беларусі.

Мы пазванілі аднаму з удзельнікаў канфэрэнцыі, пробашчу грэка-каталіцкай парафіі ў Горадні, магістру тэалёгіі айцу Андрэю Крату.

Абламейка: Айцец Андрэй, у праграме канфэрэнцыі зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што побач зь дзяржаўнымі органамі і ўстановамі сярод арганізатараў значыцца Віцебская дыяцэзія рымска-каталіцкай царквы. Чаму няма іншых цэркваў?

Крот: Бо гэта мясцовая віцебская ініцыятыва, да якой спрычыніліся біскуп Віцебскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі Алег Буткевіч і віцебскі грэка-каталіцкі сьвятар айцец Зьміцер Грышан. Ну і таксама прадстаўнікі віцебскіх навуковых колаў, найперш Віцебскі ўнівэрсытэт.

Абламейка: Мы з вамі гутарым удзень, калі канфэрэнцыя яшчэ ідзе. Але частка дакладаў ужо прагучала. Зьвяртае на сябе ўвагу даклад кандыдата гістарычных навук, дацэнта Сяргея Верамеева з Гомеля, прысьвечаны канфэсійнай прыналежнасьці Францішка Скарыны ў беларускай гістарыяграфіі ХХ-пачатку ХХІ стагодзьдзяў. Што цікавага было ў ягоным дакладзе?

Гэта значыць, што кожны з дасьледчыкаў бачыў Скарыну прадстаўніком сваёй канфэсіі

Крот: Асабіста мяне ўразіла ў ягоным дакладзе вось што. Гісторык заўважыў, што канфэсійная прыналежнасьць Скарыны ў дасьледаваньнях залежала ад канфэсійнай прыналежнасьці іх аўтараў. Гэта значыць, што кожны з дасьледчыкаў бачыў Скарыну прадстаўніком сваёй канфэсіі. Праваслаўныя пісалі, што Скарына — праваслаўны, каталікі — што ён каталік, грэка-каталікі — што Скарына ўніят, пратэстанты, адпаведна, пісалі, што Скарына быў пратэстантам. У гэтым я бачу шматбаковасьць і багацьце самой асобы Францішка Скарыны і ягонай дзейнасьці, якая не была абмежаваная нейкімі жорсткімі рамкамі. Яго дзейнасьць была для ўсіх — менавіта для «пасаплітага люду».

Абламейка: Ваш даклад на канфэрэнцыі прысьвечаны «Малой падарожнай кніжцы» Скарыны. Якія вашы асноўныя высновы?

Крот: Я зьвяртаю асаблівую ўвагу на акафісты і малітвы ў «Малой падарожнай кніжцы», бо яны найбольш адлюстроўваюць самога Скарыну. Іншыя часткі кнігі — гэта пераклады пасальмаў, часаслова. А ў малітвах і акафістах можна знайсьці больш асабістых думак, якія Скарына туды ўвёў, складаючы гэтыя тэкст. Таксама мне хацелася б падкрэсьліць тое, што прагучала і ў дакладзе Сяргея Верамеева — а менавіта тое, што Скарына быў шматбаковым чалавекам. Ён ва ўсходнія акафісты ўводзіў думкі, характэрныя для Каталіцкай царквы. У малітвах Скарыны таксама прысутнічае яго асабісты духоўны вопыт, калі ён, напрыклад, узгадвае пра апосталаў, што яны былі найболей зьвязаныя з заходнімі краінамі. Апостал Марк — з Вэнэцыяй, апостал Якуб — з Гішпаніяй і іншымі заходнімі краінамі. Вось пра гэта ўсё і гаворыцца ў маім дакладзе.

Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі дэкан гістарычнага факультэту ВДзУ прафэсар Веньямін Космач, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН, кандыдат філялягічных навук Алесь Жлутка, кандыдат багаслоўя, дацэнт Менскай духоўнай акадэміі пратаярэй Аляксей Васін, прафэсар вэнэцыянскага ўнівэрсытэту Са’ Foscari Аляксандар Навумаў і іншыя.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG