Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква абураная рашэньнем Польшчы зносіць помнікі камунізму


Дэмантаж помніка савецкаму генэралу Івану Чарняхоўскаму ў Пененжно на поўначы Польшчы, верасень 2015 году

У Расеі абураныя рашэньнем польскага Сэйму (ніжняй палаты парлямэнту) пра знос помнікаў савецкай эпохі.

«З асаблівым блюзьнерствам польскія ўлады прымеркавала гэтае рашэньне да сьвятога і трагічнага для нас дня пачатку гітлераўскай агрэсіі супраць СССР. Інакш як ганебным зьдзекам над памяцьцю загінулых такія дзеяньні не назавеш. Тыя, хто працягвае кампанію „вайны“ з помнікамі, павінны разумець, што правакуюць далейшае абвастрэньне расейска-польскіх дачыненьняў», — гаворыцца ў заяве МЗС Расеі, апублікаваным вечарам 22 чэрвеня.

У чацьвер сэйм Польшчы прагаласаваў за ўнясеньне паправак у закон аб забароне прапаганды камунізму ці іншага таталітарнага ладу ў назвах будынкаў і аб’ектаў. Дакумэнт прадугледжвае знос помнікаў савецкай эпохі, у тым ліку помнікаў савецкай Чырвонай Арміі ў пэўных выпадках. Польскія заканадаўцы прапаноўваюць дэмантаваць гэтыя помнікі на працягу 12 месяцаў пасьля таго, як папраўкі набудуць моц пасьля ўхвалы ў верхняй палаце парлямэнту, Сэнаце, подпісу прэзыдэнта і афіцыйнага апублікаваньня.

Да гэтых аб’ектаў, згодна з законапраектам, не адносяцца помнікі, разьмешчаныя на могілках або тэрыторыі іншых пахаваньняў, а таксама тыя, што ўнесеныя ў рэестар помнікаў архітэктуры.

На тэрыторыі Польшчы налічваецца 469 помнікаў савецкай эпохі, каля 250 зь іх прысьвечаныя Чырвонай Арміі.

Расея, усьлед за былым СССР, працягвае лічыць 22 чэрвеня, дзень нападу гітлераўскай Нямеччыны на СССР у 1941 годзе, «днём пачатку Вялікай Айчыннай вайны».

Для Ўкраіны, частка якой тады была ў складзе СССР, а іншыя часткі — у Польшчы і Чэхаславакіі, Другая ўсясьветная вайна пачалася ў верасьні 1939 году, з агульнага нападу саюзных у той час сталінскага СССР і гітлераўскай Германіі на Польшчу, з акупацыяй Савецкім Саюзам тэрыторый захаду Ўкраіны, што да гэтага былі ў складзе Польшчы.

Пры гэтым Карпацкая Ўкраіна (цяперашняя Закарпацкая вобласьць) у складзе Чэхаславакіі была акупаваная прагітлераўскай тады Вугоршчынай яшчэ ў сакавіку 1939-га, але гэтыя падзеі звычайна не адносяць да падзей Другой усясьветнай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG