Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А чыноўнікі ні пры чым. Прызначаны суд над настаўніцамі па справе аб гібелі школьніцы на бульбе


4 ліпеня ў Маладэчанскім раённым судзе пачнецца працэс над дзьвюма настаўніцамі па справе аб гібелі «на бульбе» вучаніцы.

Трагедыя здарылася 29 верасьня 2016 году. Вучаніца 8 кляса 11 школы Вікторыя Папчэня загінула пры зьбіраньні ўраджаю на палях гаспадаркі «Ўсход-Агра» ў Маладэчанскім раёне — на дзяўчынку наехаў аўтамабіль, у які школьнікі загружалі бульбу.

У сьнежні Маладэчанскі раённы суд прызнаў вінаватым у здарэньні з прычыны няпільнасьці кіроўцу грузавіка Паўла Цыбіна і прысудзіў яму 3 гады абмежаваньня волі. Між тым бацька школьніцы дамагаўся завядзеньня крымінальнай справы і на кіраўнікоў аддзелу адукацыі Маладэчанскага раёну, якія, паводле пацярпелага, ня мелі права накіроўваць дзяўчынку ў 13 гадоў на сельскагаспадарчыя працы. Праваабаронцы, якія дапамагалі бацькам загінулай дзяўчынкі, адзначалі, што працоўную дамову зь ёй мелі права заключаць, толькі калі б ёй ужо споўнілася 14 гадоў.

Маладэчанскі суд адмовіў бацьку дзяўчынкі ў завядзеньні крымінальнай справы на кіраўнікоў раённага аддзелу адукацыі, але абавязаў правесьці расьсьледаваньне інцыдэнту як няшчаснага выпадку. У выніку завялі крымінальную справу на настаўніц фізыкі і замежнай мовы 11 сярэдняй школы, якія суправаджалі вучняў на працу ў гаспадарцы «Ўсход-Агра».

Паводле сьледзтва, настаўніцы былі адказныя за бясьпеку вучняў як падчас паездкі ў гаспадарку, гэтак і падчас працы. Настаўніцам пагражае да 4 гадоў зьняволеньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG