Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартуе саміт ЭЗ у пытаньнях Brexit і бясьпекі


Лідэры Эўрапейскага зьвязу зьбіраюцца сёньня ў Брусэлі на саміт, дзе на парадку дня будзе дамінаваць выхад Вялікай Брытаніі з эўрапейскай супольнасьці і пытаньні бясьпекі пасьля ўчыненых у Эўропе тэрарыстычных актаў.

Як інфармуе сайт прэзыдэнта Ўкраіны, 22 чэрвеня ў Брусэлі будзе знаходзіцца таксама Пятро Парашэнка. Падчас візыту ён сустрэнецца з прэзыдэнтам Эўрапейскай рады Дональдам Тускам, прэзыдэнтам Эўрапейскай народнай партыі Жазэфам Долем, а таксама іншымі лідэрамі дзяржаў — чальцоў ЭЗ. Таксама Парашэнка прыме ўдзел у пашыраным саміце Эўрапейскай народнай партыі, дадалі ў яго канцылярыі.

«Кіраўнік дзяржавы праінфармуе суразмоўцаў пра абвастрэньне сытуацыі бясьпекі на Данбасе, стан выкананьня і канкрэтныя выпадкі парушэньня расейскім бокам менскіх дамоўленасьцяў з мэтай забесьпячэньня станоўчага рашэньня Эўрапейскай рады аб прадаўжэньні сэктаральных санкцый супраць Расеі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Чакаецца, што сёньня прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй прапануе пагадненьне аб пражываньні грамадзян краінаў ЭЗ у Злучаным Каралеўстве, а таксама права на працу. Дэталёвыя перамовы пра Brexit будуць дэлегаваныя прызначаным раней для гэтага прадстаўнікам, якія пачалі перамовы 19 чэрвеня.

Двухдзённы саміт у Брусэлі таксама стане дэбютным для прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона.

«Перад пагрозамі экстрэмізму, няроўнасьці і аўтарытарных рэжымаў, Эўрапейскі зьвяз павінен «выйграць бітву» за «свабоду і дэмакратыю для забесьпячэньня сацыяльнай справядлівасьці і захаваньня клімату нашай плянэты», — сказаў Макрон 21 чэрвеня, пацьвердзіўшы сваю вернасьць адзінству ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG