Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск апынуўся ў дзясятцы найтаньнейшых для іншаземцаў гарадоў сьвету


Менск увайшоў у дзясятку найтаньнейшых у сьвеце гарадоў для іншаземцаў. Пра гэта паведамляе партал TUT.BY, які спасылаецца на дасьледаваньне Cost of Living Survey, якое штогод праводзіць кансалтынгавая група Mercer. Ва Ўсходняй Эўропе Менск аказаўся наагул самым даступным горадам.

Цікава адзначыць, што такім самым становішча было і два гады таму.

Сёлета ў рэйтынгу Mercer сталіца Беларусі заняла 200-е месца з 209 (чым вышэйшая пазыцыя ў рэйтынгу, тым таньнейшы горад для іншаземцаў). За апошні год Менск ссунуўся ў сусьветным рэйтынгу на чатыры пункты дзякуючы «адноснай стабільнасьці курсу амэрыканскага даляра», адзначаюць аўтары дасьледаваньня.

Менск аказаўся найтаньнейшай сталіцай сярод суседніх краінаў. Масква ў рэйтынгу заняла 14-е месца, Рыга — 126-е, Кіеў — 163-е, Вільня — 167-е, Варшава — 180-е.

Найдаражэйшым горадам у сьвеце для жыцьця і працы экспатаў Mercer назваў сталіцу Анголы Луанду. Сьледам ідуць Ганконг, Токіё, Цюрых і Сынгапур.

Найтаньнейшымі гарадамі сьвету, паводле дасьледаваньня, ёсьць Туніс (Туніс), Бішкек (Кіргізстан) і Скоп’е (Македонія).

Пры складаньні рэйтынгу Mercer улічваліся цэны прынамсі 200 прадуктаў і паслугаў, уключаючы цэны на жытло, транспарт, ежу, адзеньне, забавы ды іншае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG