Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У парлямэнце Ўкраіны патрабуюць ад Нацыянальнай паліцыі справаздачы пра справу Паўла Шарамета


Вольга Чарвакова, намесьніца старшыні парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі
Вольга Чарвакова, намесьніца старшыні парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі

Камітэт Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў пытаньнях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі зьвяртаецца да сьпікера парлямэнту Андрэя Парубія з патрабаваньнем арганізаваць публічную справаздачу праваахоўных органаў пра хаду расьсьледаваньня забойства журналіста Паўла Шарамета.

«Трэба зьвярнуцца да кіраўніцтва Нацыянальнай паліцыі, каб яны выступілі са справаздачаю ў парлямэнце пра хаду расьсьледаваньня, бо 20 ліпеня спаўняецца год з дня забойства Паўла Шарамета, і было б лягічна, каб адбылася такая справаздача, як адбываецца расьсьледаваньне», — сказала намесьніца старшыні парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі Вольга Чарвакова.

У сваю чаргу кіраўнік камітэту Вікторыя Сюмар дадала, што па выніках сёньняшняга паседжаньня такая рэкамэндацыя будзе накіраваная старшыні Вярхоўнай рады Ўкраіны. «Мы неаднаразова прасілі нашыя праваахоўныя органы быць больш публічнымі ў гэтай справе. Было і адпаведнае даручэньне прэзыдэнта Парашэнкі, але справаздач мы не пачулі ні ад адной са структур», — дадала яна.

Паводле Вікторыі Сюмар, дасягнута дамоўленасьць з Камітэтам абароны журналістаў, які базуецца ў Нью-Йорку, пра падрыхтоўку справаздачы ў справе Паўла Шарамета. «Яны будуць кантактаваць з ўсімі органамі ўлады і будуць гатовыя прэзэнтаваць нам сваю справаздачу 12 ліпеня на пасяджэньні нашага камітэту», — паведаміла старшыня камітэту Вярхоўнай рады ў пытаньнях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі.

«Я вельмі спадзяюся, што на гэтую справаздачу праваахоўныя органы прыйдуць, каб пачуць, як гэтая сытуацыя ацэньваецца мэдыяэкспэртамі і людзьмі, якія прафэсійна займаюцца абаронаю журналістаў за мяжою», — падкрэсьліла Вікторыя Сюмар.

Кіраўніца парлямэнцкага камітэту таксама паведаміла са спасылкай на адпаведную інфармацыю ад Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, што падчас дасудовага расьсьледаваньня дапытана больш як тры тысячы асоб, у тым ліку і відавочцаў выбуху, праведзена больш як 280 аглядаў і дасьледаваньняў публікацый. «Мы і надалей будзем адсочваць гэтую сытуацыю. Вельмі хацелася б, і мы будзем рэкамэндаваць, каб гэтая справа была значна больш падсправаздачнаю. Цікавасьць да гэтай справы застаецца, і адсутнасьць сталых тлумачэньняў, што адбываецца ў справе, не спрыяе даверу да ўлады ў цэлым. Нам патрэбныя такія справаздачы, і патрэбна сталае інфармаваньне. На жаль, пакуль што мы ня можам адысьці ад такой традыцыйнай для нас звычкі не паведамляць прамежкавыя вынікі», — падкрэсьліла Вікторыя Сюмар.

Некалькі дзён таму сьпікер Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Арцём Шаўчэнка паведаміў, што сьледзтва пакуль не ідэнтыфікавала асоб падазраваных. «На жаль, гэтае крымінальнае злачынства было ўчынена даволі кваліфікавана, таму сьледзтва пакуль не знайшло тую асобу, якая абгрунтавана можа падазравацца ў датычнасьці да гэтага забойства», — сказаў Арцём Шаўчэнка.

6 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў праваахоўныя органы прадставіць публічную справаздачу пра расьсьледаваньне забойства журналіста Паўла Шарамета.

Сёлета ў траўні журналісты праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP прэзэнтавалі ў Кіеве дакумэнтальны фільм «Забойства Паўла». Аўтары расьсьледаваньня заявілі, што ім удалося выкрыць дэталі, на якія афіцыйнае сьледзтва не зьвярнула ўвагі. У прыватнасьці, журналісты назвалі імя былога супрацоўніка СБУ Ігара Ўсьціменкі, які мог быць датычным да забойства Паўла Шарамета.

15 траўня сьледчыя Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны дапыталі Ігара Ўсьціменку ў гэтай справе, але журналістам дагэтуль не паведамілі падрабязнасьці ягоных сьведчаньняў. У той самы дзень старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак заявіў, што Ігар Усьціменка пасьля звальненьня са Службы бясьпекі ў красавіку 2014 году не працаваў у інтарэсах гэтай спэцслужбы і не выконваў ніякіх яе заданьняў.

16 траўня ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Вадзім Траян заявіў, што да забойства Паўла Шарамета могуць быць датычныя як спэцыяльныя службы Расеі, гэтак і іншых краін СНД. «Ён (Павал Шарамет — РС) быў у апазыцыі і да расейскага прэзыдэнта, і таксама да беларускага прэзыдэнта», — сказаў ён і дадаў: «Могуць быць датычныя службы іншых сумежных дзяржаваў. Як мінімум, Расеі і яшчэ ключавыя іншыя краіны СНД, якія маглі выканаўцаў таксама праз свае дзяржаўныя тэрыторыі накіроўваць сюды ва Ўкраіну».

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля. Паліцыя кваліфікуе яго гібель як наўмыснае забойства, учыненае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG