Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтавец запатрабаваў ад КДБ кампэнсацыю шкоды за турму і мяшок на галаву


Зьміцер Крамянецкі

Актывіст «Маладога Фронту» Зьміцер Крамянецкі зьвярнуўся ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі з заявай аб вынясеньні пастановы на кампэнсацыю шкоды, перадае праваабарончы цэнтар «Вясна».

Крамянецкі лічыць, што яго ўтрыманьне пад вартай было незаконным, на ўсе допыты яго вадзілі з надзетым на галаву чорным мяшком. Паводле яго, гэта рабілася ў мэтах запалохваньня і псыхалягічнага ціску, прычыняла яму асаблівыя пакуты, а таксама прыніжала ягоную чалавечую годнасьць.

Пасьля атрыманьня пастановы Крамянецкі плянуе зьвярнуцца ў суд з позвай да Міністэрства фінансаў, КДБ і МУС аб кампэнсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, а таксама кампэнсацыі выдаткаў на юрыдычную дапамогу.

Крамянецкі быў затрыманы 23 сакавіка ў межах «справы патрыётаў» — пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі аб нібыта выкрыцьці «лягераў баевікоў» і затрыманьні трох дзясяткаў чалавек. 1 красавіка Крамянецкі разам зь яшчэ трыма маладафронтаўцамі быў вызвалены, 7 чэрвеня справу аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» супраць іх спынілі.

Пазьней КДБ наогул аддала справу Сьледчаму камітэту, цалкам спыніўшы перасьлед за «беспарадкі». Але за кратамі застаюцца 14 чалавек, супраць якіх вядзецца справа за «незаконнае ўзброенае фармаваньне».

XS
SM
MD
LG