Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Румынія адмовілася выдаваць Беларусі міліцыянта, які скраў з сэйфа ГУБАЗіК 270 тысяч даляраў


Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч паведаміў журналістам, што міліцыянт, які скраў з сэйфа Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) 270 тысяч даляраў, будзе затрыманы, як толькі пакіне межы Румыніі, дзе атрымаў грамадзянства.

Былы міліцыянт хацеў вылецець у ЗША з Румыніі, — падрабязнасьці крадзяжу 270 тысяч даляраў з сэйфа МУС

Паводле Шуневіча, мужчына абвешчаны ў вышук па лініі Інтэрполу, але Румынія адмовіла Беларусі ў яго выдачы — пасьля затрыманьня ён быў вызвалены.

Злачынца каля 9-й раніцы 8 студзеня 2017 году скраў 269 150 даляраў з сэйфа ў кабінэце № 107 ГУБАЗіК. Опэрупаўнаважаны канфіскаваў грошы пры затрыманьні дырэктара візавага цэнтру. Пытаньне пра перадачу такой сумы ён абмяркоўваў са сьледчым СК, аднак той сказаў, што ня будзе захоўваць яе ў сябе. Супрацоўнік ГУБАЗіК паклаў даляры ў сэйф, зачыніў. Але дублікат ключа заўсёды мае напарнік — і той прыйшоў у выходны дзень, забраў грошы і зьехаў спачатку ва Ўкраіну, дзе жывуць ягоныя сваякі, а затым у Румынію.

Журналісты выказалі здагадку, што да гучнай справы можа мець дачыненьне былы старшы ўпаўнаважаны ў асабліва важных справах ГУБАЗіК МУС Беларусі Андрэй Уразаў. Менавіта ён 29 сьнежня 2016 году камэнтаваў журналістам затрыманьні ў візавым цэнтры, а ў лютым супрацоўнік міліцыі ўжо шукаў працу ў службе аховы на спэцыялізаваным сайце.

XS
SM
MD
LG