Расейская студэнтка з Махачкалы Вольга Тачоная стала адной зь гераінь антыкарупцыйных мітынгаў. Яна запомнілася ня толькі яркім колерам валасоў, але і сьмелай размовай з паліцыянтам на мітынгу ў Дагестане, і фатаздымкам затрыманьня, на якім яна трымае кнігу «За вашу і нашу свабоду», і далейшай гісторыяй са скасаваньнем «правапарушэньня» Вярхоўным судом Дагестану, і аповедам пра пагрозы фізычнай расправы за ўдзел у мітынгах.
Пасьля мітынгаў, як кажа Тачоная, пагрозы ёй прадоўжыліся, яе звольнілі з працы, а да гаспадара здымнай кватэры прыходзілі паліцыянты і «намякалі, што яна вар’ятка», таму дзяўчына задумалася пра пераезд:
«Я не пляную заставацца ў Махачкале, можа быць, мы пераедзем у Менск, — кажа яна расейскай службе Свабоды. — Мой муж зь Беларусі, у апошніх пратэстах ён ня ўдзельнічаў (у „Маршах недармаедаў“ у лютым 2017 году. — РС), бо быў у Махачкале, але ў пратэстах у 2010 годзе ўдзел браў. І ён таксама сядзеў у аддзяленьні паліцыі, распавядаў, што там няма такога бардаку, які робіцца тут у аддзяленьнях. Зь Менску я буду часта прыяжджаць у Маскву».
Паводле Тачонай, найгорш да яе ставіліся супрацоўнікі расейскага Цэнтру барацьбы з экстрэмізмам: абзывалі мужа матам, адабралі кнігу, а мужу казалі, што «мог бы і ўдарыць яе, пакінуць дома, каб не хадзіла на мітынг».