Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хабар пуцёўкамі ў санаторый для жонкі і сына. Судзяць экс-гендырэктара «Менскаблмясамалпраму»


Дзьмітры Ракомсін

Дзьмітры Ракомсін знаходзіцца пад вартай ад красавіка мінулага году. Былога гендырэктара холдынгу «Менскаблмясамалпрам» абвінавачваюць у службовым падмане, празь які быў вымантачаны крэдыт для зарэгістраванай у Расеі фірмы «Менскаблпрадукт».

Эпізод адбываўся ў 2015 годзе, крэдыт даваў Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь пад ільготныя 5,5%. Прадпрыемству далі крэдыт на 390 мільёнаў расейскіх рублёў, як лічыць сьледзтва — з парушэньнем закону з боку Ракомсіна.

Паводле сьледзтва, у той жа пэрыяд падсудны вымагаў і двойчы атрымаў хабар за спрыяньне зацікаўленым прадпрыемствам на пастаўкі прадуктаў на ўнутраны рынак і за межы Беларусі. Сьледзтва мяркуе, што ў 2015 годзе Ракомсін атрымаў больш як 2 тысячы даляраў хабару ад прадстаўніка Слуцкага сыраробнага заводу, а таксама бясплатныя пуцёўкі ў санаторый «Альфа Радон» для жонкі і сына — агульным коштам больш за 3 тысячы рублёў. Гэты эпізод, датаваны 2016 годам, сьледзтва кваліфікавала як хабар за спрыяньне зацікаўленай арганізацыі.

Дзьмітрыю Ракомсіну пагражае да 10 гадоў зьняволеньня. На сьледзтве ён прызнаваў віну часткова і ў судзе гэтую пазыцыю паўтарыў.

«Віну ў атрыманьні хабараў прызнаю цалкам і раскайваюся. Але што да спрыяньня ў вымантачваньні банкаўскага крэдыту для „Менскаблпрадукту“ — гэтага не было. Гэта самастойнае прадпрыемства, яно не ўваходзіць ў холдынг, зарэгістравана ў Расеі, за іхныя дзеяньні я ня нёс адказнасьці, нічога ім не абяцаў і спрыяньня не аказваў. Нават ня ўдзельнічаў у абмеркаваньні дамовы. Майго інтарэсу ў атрыманьні расейскай фірмай гэтага крэдыту няма, хіба што гэта дапамагала ім разьлічвацца за пастаўкі зь Беларусі», — настойваў былы гендырэктар, якога на судзе трымаюць у жалезнай клетцы як небясьпечнага падсуднага.

Намесьнік гендырэктара фірмы «Белмілк» Алег Кашэўскі паведаміў суду, што двойчы ў 2015 годзе даваў Дзьмітрыю Ракомсіну хабар — у эквіваленце па 1 тысячы даляраў. Наконт мэты перадачы грошай Кашэўскі сказаў, што «проста так», але на сьледзтве, як вынікае з матэрыялаў справы, бізнэсоўца тлумачыў інакш: «За садзейнічаньне».

Калі ў эпізодзе з хабарніцтвам асаблівых праблемаў у суду, відаць, ня будзе, дык расьсьледаваньне эпізоду пра меркаваны службовы падман для атрыманьня льготнага крэдыту, магчыма, запатрабуе шмат часу. На працэсе пра гэта ўжо расказваюць сьведкі.

У холдынг «Менскаблмясамалпрам» уваходзяць Барысаўскі, Слуцкі і Менскі мясакамбінаты, Стаўпецкі мясакансэрвавы, Менскі малочны № 1 і Маладэчанскі малочны заводы, Слуцкі сыраробны камбінат ды іншыя прадпрыемствы. Холдынг «Менскаблмясамалпрам» лічыцца адным з найбуйнейшых ў мясамолочнай галіне краіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG