Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу за непадпарадкаваньне міліцыі супраць Чарнавуса спынілі


Мікалай Чарнавус-малодшы ў судзе, архіўнае фота. Баранавічы, 18 красавіка 2017 году

Баранавіцкаму актывісту АГП Мікалаю Чарнавусу-малодшаму паведамілі аб спыненьні справы за непадпарадкаваньне міліцыі.

Справа была заведзеная пасьля таго, як у доме Чарнавусаў 5 красавіка адбыўся ператрус. Міліцыянты зьвінавацілі Чарнавуса-малодшага ў непадпарадкаваньні, таму што ён «адмаўляўся выклікаць службу ўзлому замкоў і ўтаіў факт знаходжаньня дома жонкі».

Як кажа Мікалай Чарнавус, міліцыянты патрабавалі ад яго выклікаць службу для ўзлому замкоў, каб адчыніць дзьверы на другі паверх дома, дзе жыве сям’я Чарнавусаў. Актывіст выклікаць узломшчыкаў адмовіўся, а калі міліцыянты трапілі на другі паверх, то выявілася, што там знаходзіцца жонка Чарнавуса-малодшага.

Спадар Чарнавус кажа, што жонка спала, а ён ня ведаў, што яна там.

За гэта на актывіста і завялі адміністрацыйную справу за непадпарадкаваньне міліцыі, якую спынілі «праз заканчэньне тэрміну даўнасьці».

Пасьля ператрусу 5 красавіка ў доме Чарнавусаў, якія ачольвалі пратэсты недармаедаў у Баранавічах, міліцыянты зьвезьлі ноўтбук, пляншэты і сыстэмныя блёкі кампутараў.

Як распавёў Мікалай Чарнавус-малодшы, яму і бацьку ўжо паведамілі, што па аргтэхніку можна прыйсьці ў міліцыю.

«Але я пішу скаргу міністру МУС. Таму што як гэта — прыяжджайце, забірайце? Да нас прыяжджалі на дзьвюх машынах сем здаровых маёраў, а цяпер бацьку, інваліду другой групы, на руках гэтую тэхніку зь міліцыі цягнуць?» — падзяліўся Мікалай Чарнавус-малодшы.

XS
SM
MD
LG