Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парады паліцэйскага псыхоляга: як прафэсійна разганяць мітынг


Фота з выставы World Press Photo

Паліцэйскі псыхоляг Еронім Клімэш з Чэхіі , які шмат гадоў выкладаў у паліцэйскай школе, падзяліўся развагамі пра працу сілавых структураў пры разгоне дэманстрацыяў у Беларусі і Расеі, і параўнаў яе з эўрапейскай паліцэйскай практыкай.

— Я патлумачу вам асноўнае адрозьненьне. Калі ваюе войска, яго мэта — зьліквідаваць іншае войска. Таму звычайная ваенная тактыка — загнаць праціўніка ў пастку, атачыць яго і зьнішчыць альбо ўзяць у палон. Калі ж паліцыя працуе з натоўпам — яе мэта расьсеяць людзей, каб натоўп страціў энэргію. Такім чынам, паліцыя павінна ўжываць іншую тактыку: падзел натоўпу на меншыя часткі — што, як правіла, азначае расьсяродзіць натоўп па некалькіх вуліцах. І мэта паліцыі — не сканцэнтраваць у адным месцы і зьбіць людзей, а разагнаць іх. То бок, гэта наўпрост процілеглыя тактыкі.

Але сілавыя структуры ў Беларусі і Расеі — магчыма, таму, што не знаёмыя з сучаснымі ноў-хаў у працы з дэманстрантамі, магчыма, таму, што атрымліваюць такія загады ад малаадукаваных людзей — схіляюцца да ўжываньня ваеннай тактыкі. То бок, сьціскаюць людзей, бяруць іх у кола — бо хочуць мець іх пад кантролем — што, уласна кажучы, узмацняе патэнцыял і энэргію самога натоўпу.

Натоўп працуе як негамагенная структура: як толькі ён сутыкаецца з кардонам міліцыі, на мяжу процістаяньня выціскаюцца найбольш актыўныя, а часта і найбольш агрэсіўныя людзі — і яны пачынаюць задзірацца з сілавікамі: вы можаце часта бачыць гэта ў тэлевізійных рэпартажах з масавых акцыяў. Яны выломваюць брукаванку, кідаюцца ёй у кардоны. Але такіх «актывістаў», як правіла — 2-3% ад усяго натоўпу. Паліцэйская тактыка — вылавіць гэтых некалькіх людзей і адвезьці прэч. Падкрэсьліваю: ня зьбіць, а ізаляваць. Як толькі натоўп іх страціць — ён цалкам бясшкодны.

Калі гэта мірны натоўп, які проста скандуе лёзунгі — трэба даць ім выкрычацца, і разганяць іх абсалютна немэтазгодна.

Кіраўнік паліцэйскай апэрацыі пры гэтым павінен назіраць за акцыяй і аддаваць загады менавіта адносна гэтых канкрэтных завадатараў, калі яны выяўляюць агрэсію.

Калі ж гэта мірны натоўп, які проста скандуе нейкія лёзунгі — трэба даць ім выкрычацца, і разганяць іх абсалютна немэтазгодна. У гэтым, уласна, і палягае іх грамадзянская свабода: каб яны такім чынам, праз СМІ, якія аб гэтым напішуць, заявілі пра свае погляды палітыкам.

Еронім Клімэш
Еронім Клімэш

— Бачна, што вы крыху адарваны ад рэаліяў сучаснай Беларусі: мы якраз гаворым пра выпадкі, калі жорсткія мэтады разгону ўжываюцца менавіта супраць мірных маніфэстантаў, якія часам увогуле не выкрыкваюць лёзунгаў, а проста нясуць сьцягі і транспаранты.

— У Расеі і Беларусі, як толькі там узьнікае нейкая праблема, тут жа пачынаюць ужываць ваенныя мэтады, у тым ліку і супраць сваіх людзей.

Так, у вашым выпадку ідзецца не пра дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю, тут іншая мэта: даць зразумець людзям, каб яны трымалі рот на замку. Гэта тактыка тыраніі, якая павінна данесьці людзям мэсыдж: вы павінны слухацца. Але гэта пытаньне не да сілавых структураў, а да палітыкаў, якія аддаюць ім такі загад.

— Загад загадам, але яго таксама можна выконваць па-рознаму. Чым, з пункту погляду паліцэйскага псыхоляга, патлумачыць, напрыклад, тое, што сілавікі празьмерна лютуюць, зьбіваючы людзей — тут ужо прарываецца ўласная агрэсія, якая не ўзьнікае паводле загаду. У дадатак, арыштаваных працягваюць зьбіваць і ў аўтазаках, і ў пастарунках, калі гэта ўжо нават ня мае застрашальнага эфэкту для рэшты натоўпу.

Афіцэр, які кіруе апэрацыяй па разгоне натоўпу, павінен, як мінімум, тры разы замяніць каманду паліцыі ў часе апэрацыі.

— Ізноў вяртаемся да пытаньня непрафэсіяналізму кіраўнікоў. Афіцэр, які кіруе апэрацыяй па разгоне натоўпу, павінен, як мінімум, тры разы замяніць каманду паліцыі ў часе апэрацыі. Першая каманда — загараджальны кардон. Менавіта на першыя шэрагі паліцэйскіх выліваецца ўся агрэсія ад актывістаў натоўпу: крыўдныя словы, абразы, часам фізычныя напады, кіданьні ўсім, што патрапіцца пад руку. Гэтай камандзе паліцыі, якая ўжо заведзеная і ўзнэрваваная, нельга аддаваць загад расьсейваць натоўп.

Талковы кіраўнік апэрацыяй выведзе наперад сьвежыя сілы і менавіта ім аддасьць другі загад — расьсеяць дэманстрантаў па бакавых вуліцах. Тым самым агрэсіі з боку сілавікоў ня будзе месца. І ўжо зусім іншыя людзі павінны мець справу з арыштаванымі ў пастарунку. Гэта асновы паліцэйскай тактыкі.

— Але ж ці не павінны прадстаўнікі сілавых структураў быць падрыхтаванымі, прафэсійнымі настолькі, каб не дазволіць сабе гэтай агрэсіі?

Уся агрэсія ўзьнікае на мяжы двух вялікіх страхаў: гэта стрэс стану вайны для абодвух бакоў.

— Вось уявіце сябе ў міліцэйскай форме, і вы стаіце тварам у твар з тысячным натоўпам. І ад гэтага натоўпу сыходзіць страшэнны страх, бо вы са зброяй. І гэта ўзаемны страх: бо як бы ні былі ўзброеныя праваахоўнікі, яны разумеюць, што калі гэтая тысячагаловая махіна разьедзецца — яна іх зьмяце. Уся агрэсія ўзьнікае на мяжы гэтых двух вялікіх страхаў: гэта стрэс стану вайны для абодвух бакоў. І ў паліцэйскіх, зразумела, здаюць нэрвы. Тым больш, што часта для такіх акцыяў мабілізуюць і людзей бяз практыкі, якія штодня займаюцца зусім іншай праваахоўнай дзейнасьцю. Таму талковы начальнік будзе рабіць ратацыю сіл, як гэта рабілі рымляне — каб паліцэйскія адпачылі псыхалягічна.

— Дык у такіх сытуацыях, калі страх процістаіць страху — перамагае той, у каго гэтага страху меней?

— Не, той, у каго мацнейшыя нэрвы.

  • 16x9 Image

    Алена Радкевіч

    Журналістка. Працавала вядучай радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», карэспандэнткай Бі-Бі-Сі, расейскай незалежнай прэсы, удзельнічала ў самвыдаце. З Радыё Свабода ад 1991.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG