Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла жыхарка Гомлю, якая зрабіла спробу самаспаленьня на прахадной «Камінтэрну»


Ілюстрацыйнае фота

У Гомельскім абласным упраўленьні Сьледчага камітэту агенцтву БелаПАН пацьвердзілі: памерла жанчына, якая ўчыніла спробу самаспаленьня на прахадной прадпрыемства «Камінтэрн». Сьмерць зафіксаваная ў рэанімацыі гарадзкога шпіталю № 1 Гомлю.

9 чэрвеня 55-гадовая прыбіральніца экспэрымэнтальнага цэху ААТ «Камінтэрн» выліла на сябе гаручую вадкасьць і падпаліла вопратку. Работнікам, якія знаходзіліся побач, удалося зьбіць полымя, але запозна — пазьней лекары канстатавалі 50% апёкаў цела. Жанчыну даставілі ў шпіталь у цяжкім стане і перавялі на штучную вэнтыляцыю лёгкіх.

Адміністрацыя прадпрыемства заяўляла, што ўчынак прыбіральніцы не зьвязаны з працай — маўляў, у яе быў добры заробак і ўмовы працы. Але нядаўна ў жанчыны памёр муж, пасьля чаго пачаліся праблемы з псыхікай.

Словы пра тое, што ў яе «скралі стаж», якія яна сказала перад тым, як падпаліць сябе, кіраўніцтва патлумачыла тым, што ў апошні час жанчына займалася афармленьнем пэнсіі, але з Расеі, дзе яна раней працавала, прыйшлі ня ўсе дакумэнты.

У сваю чаргу сваякі на ўмовах ананімнасьці расказалі БелаПАН, што праблемы гамяльчанкі былі зьвязаны менавіта з працай — у яе нібыта забралі палову стаўкі, а таксама быў канфлікт з аддзелам кадраў падчас афармленьня пэнсіі. Паводле сваякоў, муж жанчыны памёр яшчэ пяць гадоў таму.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG