Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспрацоўным Магілёва арганізавалі «тыдзень перасяленьня ў вёску»


Ілюстрацыйнае фота

Упраўленьне працы Магілёўскага гарвыканкаму ладзіць да 23 чэрвеня «тыдзень перасяленьня» для беспрацоўных, якія маюць запатрабаваныя ў сельскай мясцовасьці спэцыяльнасьці, перадае БелаПАН.

Беспрацоўным са спэцыяльнасьцю бухгальтара, лекара, вэтэрынара, заатэхніка, інжынэра, агранома або кіраўніка прадпрыемства прапануюць перасяліцца з Магілёва ў любую вобласьць Беларусі. Арганізатары адзначаюць, што тыя, хто гатовы перасяліцца ў вёску, часта ня маюць патрэбнай спэцыяльнасьці. Так, на даярак або даглядчыкаў жывёлаў заявак зь сяла няма.

Мэтай «тыдня перасяленьня» называюць не высяленьне беспрацоўных з гораду, а «шырокае інфармаваньне беспрацоўных аб магчымасьці жыць і працаваць у сельскай мясцовасьці». Але ў выпадку пераезду грамадзянам абяцаюць даць жытло і разавую матэрыяльную дапамогу ў памеры 1654,38 рубля.

Раней беспрацоўных інфармавалі пра магчымасьць зьехаць з гораду, але гэта не дало эфэкту: на сяло ніхто не паехаў.

«Бралі накіраваньні, разглядалі, але не вярнуліся да нас, каб перасяліцца. Спадзяёмся, што хтосьці ўсё-такі зьявіцца. Можа, хто-небудзь з маладых, якія маюць патрэбную спэцыяльнасьць, вырашыць пераехаць», — мяркуе начальніца магілёўскага аддзелу працы Сьняжана Маісеева.

На якія заробкі запрашаюць беспрацоўных, не паведамляецца. Сярэдні заробак у Магілёўскай вобласьці на красавік 2017 году (апошнія на сёньня зьвесткі) склаў 651,9 рубля, а сярэднія заробкі ў жывёлагадоўлі і расьлінаводзтве па Беларусі складаюць адпаведна 522,9 і 534 рублі. Вакансіі агранома або заатэхніка ў Магілёўскай вобласьці на сайтах пошуку працы абяцаюць заробкі ад 300 да 700 рублёў, спэцыялістам у харчаваньні жывёлаў і начальнікам аддзелу продажаў абяцаюць да 1000 рублёў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG