У Кіеве падчас сёньняшняга гей-параду адбыўся інцыдэнт паміж прадстаўнікамі «Правага сэктару» і беларусам Міхасём, які прыйшоў на акцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Нападзеньне адбылося ў той момант, калі журналісты размаўлялі з праціўнікамі маршу, і адзін зь іх пачаў пераконваць, што «правядзеньне гей-параду таксама называецца прапагандай». У гэты момант за яго сьпіной бачна, як у беларуса ў вышыванцы пачалі вырываць бел-чырвона-белы сьцяг. Але актывісту ўдалося зьбегчы і зноў ўзняць сьцяг побач з калёнаю, выгукваючы «Жыве Беларусь!».
У Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны паведамілі, што «Кіеўпрайд-2017» прайшоў без сур’ёзных правакацый. У той жа час, паводле кіраўніка патрульнай паліцыі Кіева Юрыя Зазулі, былі затрыманы 7 чалавек, якія спрабавалі прарваць паліцэйскі кардон, што ахоўваў удзельнікаў акцыі. Сярод затрыманых і дэпутат Кіеўскай гарадзкой рады ад партыі «Свабода» Уладзімер Назаранка.
Прадстаўнікі руху «Правы сэктар» яшчэ ўначы заблякавалі некалькі месцаў у Кіеве, па якіх мала прайсьці калёна ўдзельнікаў акцыі на абарону правоў ЛГБТ-супольнасьці.
Для забесьпячэньня грамадзкага парадку падчас акцыі ў цэнтар Кіева было накіравана 5,5 тысяч паліцэйскіх. Па маршруце руху калёны былі ўсталяваныя фільтрацыйныя пункты, дзяжурылі кінолягі ды конная паліцыя.
У акцыі ўзялі ўдзел каля 2 тысяч чалавек, якія прайшлі пад узмоцненай аховай паліцыі ад Дома настаўніка на вул. Уладзімерскай да плошчы Льва Талстога. Праціўнікі маршу спрабавалі спыніць шэсьце, і па дарозе руху калёны паўстала некалькі дробных сутычак.
Ваша меркаваньне
Паказаць камэнтары