Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва цьвердзіць, што фота зьдзекаў з школьніка, які скончыў жыцьцё самагубствам, — пастаноўка


Фота з сайту Intex-press
Фота з сайту Intex-press

Камэнтар да фота зьдзекаў з 15-гадовага баранавіцкага школьніка, які скончыў жыцьцё самагубствам, далі Intex-press ва Ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці. Паводле вэрсіі сьледзтва, хлопец на фота з заматаным футболкай тварам — блізкі сябар загінулага Ўлада. Аднак знаёмыя хлопчыка сьцьвярджаюць, што было яшчэ і відэа, зьвязанае з гэтымі фатаздымкамі. І на відэа, паводле іх словаў, Улада зьбівалі не «на жарт».

Як паведамілі Intex-press ва УСК па Берасьцейскай вобласьці, хлопчыкі, якія фігуруюць на фота, «былі блізкімі сябрамі» загінулага падлетка, жылі зь ім у адным раёне. Аднаклясьнікаў сярод іх не было.

Яны вырашылі» пажартаваць над знаёмымі дзяўчатамі, якія праходзілі міма

«У той момант, зь іх словаў, яны вырашылі» пажартаваць «над знаёмымі дзяўчатамі, якія праходзілі міма. Для гэтага 15-гадовы школьнік зымітаваў, што нібыта ён прывязаны да дрэва, а папраўдзе толькі хаваў свае рукі за ствалом. Іншы хлопец граў ролю „агрэсара“, абматаўшы галаву зялёнай майкай, і рабіў выгляд, што наносіць удары. Калі дзяўчаты гэта ўбачылі, то пачалі крычаць і патрабаваць, каб хлопцы спынілі свае дзеяньні. Пасьля таго, як „зьбіваны“ падняўся і пачаў сьмяяцца, яны, згодна зь іх сьведчаньнямі, зразумелі, што тыя прыкідваліся. Усё, што адбывалася, кампанія зьняла на тэлефон», — паведамляецца ў прэс-рэлізе СК.

Таксама, паводле Сьледчага камітэту, былі знойдзеныя аналягічныя фота, зробленыя празь некалькі тыдняў пасьля гэтага. «На іх 15-гадовы падлетак, які раней знаходзіўся ля бярозы, ужо сам імітаваў, паводле сяброў, прымяненьне сілы ў дачыненьні да былога „крыўдніка“. Таксама на адным з тэлефонаў хлопцаў ёсьць фота, дзе гэтыя ж падлеткі ўсьміхаюцца, абдымаючы па-сяброўску адзін аднаго за плечы», — паведамляе СК.

Ніякіх з гэтых фота сьледзтва грамадзкасьці не прадставіла.

На здымках відаць, што маё дзіця плача

Тацьцяна, мама 15-гадовага баранавіцкага школьніка, які скончыў жыцьцё самагубствам, з пазыцыяй Сьледчага камітэту ня згодная.

— Гэта трызьненьне. На здымках відаць, што маё дзіця плача. Ды і шмат людзей кажуць, што гэта была не гульня. Так разыгрываць дзяўчат — вельмі па-дурному. Іх можна было і па-іншаму разыграць, а не прывязваць да дрэва і зьбіваць. Усё робіцца, каб у чарговы раз замяць гэтую справу, — кажа Тацьцяна.

Было яшчэ і відэа

Сябры загінулага падлетка, зь якімі зьвязалася Intex-press, фота бачылі, але ня ведаюць, хто на іх.

У групе Ўкантакце Intex-press напісалі, што было відэа, на якім Улада білі некалькі чалавек, у тым ліку і палкамі, і яно не было падобна на пастаноўку.

Карэспандэнт Intex-press сустрэлася з двума хлопцамі, якія глядзелі гэта відэа.

Вадзіму і Яўгену — па 18 гадоў, абодва былі знаёмыя з Уладам павярхоўна — бачыліся два-тры разы.

— У кампаніі Ўлад паводзіў сябе спакойна і культурна. Ён быў добрым і вясёлым хлопцам, — кажа Вадзім.

Гэта не глядзелася як прыкол

Хлопцы распавялі, што ўзімку, пасьля гібелі Ўлада, калі яны шпацыравалі кампаніяй у цэнтры гораду, сустрэлі яшчэ адну кампанію, і хтосьці з моладзі паказаў у тэлефоне відэа, дзе Ўлада зьбіваюць.

— Гэтыя фота — або скрыншоты зь відэа, ці проста зробленыя ў адзін момант. Відэа доўжылася паўтары-дзьве хвіліны. На ім Улад рыдаў і прасіў, каб яго ня білі. Гэта не глядзелася як прыкол, — запэўнівае Вадзім.

Хлопцы кажуць, што на відэа Ўлад быў прывязаны да дрэва, побач стаялі трое хлопцаў, усе з закрытымі футболкамі тварамі — адзін жоўтай, другі зялёнай і трэці чырвонай. Хлопцы зь зялёнай і чырвонай футболкамі білі Ўлада нагамі, рукамі і палкамі. Трэці проста стаяў побач. На заднім пляне было чуваць сьмех яшчэ некалькіх чалавек.

Паводле Вадзіма, на відэа было відаць, што рукі Ўлада прывязаныя да дрэва.

— Мы спрабавалі знайсьці тых, хто на відэа зьбівае Ўлада, але ў нас не атрымалася, — кажа Вадзім.

Аднак Вадзім і Яўген не памятаюць, хто менавіта паказваў гэта відэа. Знайсьці відэаролік у інтэрнэце Intex-press не ўдалося. Ці атрымалася гэта зрабіць сьледзтву, невядома.

УСК па Брэсцкай вобласьці паведаміла Intex-press, што расьсьледаваньне працягваецца.

Дзевяціклясьнік баранавіцкай школы скончыў жыцьцё самагубствам у сябе дома 22 сьнежня 2016 году. Адносіны ў клясе ў падлетка, які пераехаў зь Менску, па словах мамы і знаёмых хлопчыка, ня склаліся, ён прасіў перавесьці яго з гэтай школы. Незадоўга да самагубства падлетка разам з мамай выклікалі ў школу на раду прафіляктыкі праз бойку з аднаклясьнікам. Паводле мамы загінулага хлопчыка, на радзе прафіляктыкі адміністрацыя школы ціснула на яе сына і пагражала калёніяй. Сын моцна перажываў тое, што адбываецца.

УСК па Брэсцкай вобласьці ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле «Давядзеньне да самагубства».

Intex-press

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG