Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага, якія атрымалі «Залатую Зорку» з рук украінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і прывезьлі ў Гомель, вырашылі перадаць узнагароду сына на захаваньне ў адзін з банкаў абласнога цэнтру.

«Калі мы былі ў Кіеве, невядомыя зламысьнікі спрабавалі залезьці ў кватэру, — распавяла маці героя Ніна Жызьнеўская. — Добра, што дачка Наташа заставалася дома. Яна таксама мелася ехаць з намі ва Ўкраіну, але засталася дома, бо нечакана затэмпэратурыла. І вось у панядзелак позна ўвечары, калі яна сядзела за кампутарам, зазваніў дамафон. Яна не падыходзіла. Меркавала так: калі гэта знаёмыя, то зьвяжуцца праз мабільнік. Дамафон змоўк, і неўзабаве дачка пачула, што ў замковай шчыліне хтосьці шоргае ключом ці адмычкаю. Наташа хуценька падышла да дзьвярэй і гучна запытала: „Каму там ня сьпіцца?“ Па той бок усё сьціхла».

Ніна Васілеўна і Міхась Пятровіч не выключаюць, што нейкі зламысьнік меўся забрацца ў кватэру. Дыямэнтаў ды іншых каштоўнасьцяў у сям’і няма, адно толькі ўзнагароды загіблага на Майдане сына — ордэн Герояў Нябеснай Сотні, пэрсанальны знак «Ганаровы кіяўлянін» ды ўзнагароды УНА-УНСО.

«Калі Наташа расказала нам пра гэтае здарэньне, то на сямейнай радзе мы й вырашылі перастрахавацца, бо прывезьлі з Кіева сынаву „Залатую Зорку“ і ордэн да яе. Паехалі сёньня ў банк, завялі там ячэйку ў сховішчы і пакінулі ў ёй на захаваньне ўсе Мішавы ўзнагароды. Так будзе спакайней», — кажа Ніна Васілеўна, маці героя Ўкраіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG