Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС рэагуе на літоўскі закон аб беларускай АЭС: праява лёгікі абсурду


«Прыняцьце літоўскім парлямэнтам закону аб Беларускай АЭС — нішто іншае, як чарговы несяброўскі акт суседняй краіны», — гаворыцца ў заяве прэс-службы беларускага Міністэрства замежных спраў.

МЗС лічыць, што парлямэнт не зьяўляецца той экспэртнай арганізацыяй, якая можа аб’ектыўна ацэньваць бясьпеку ядзерна-энэргетычных аб’ектаў.

У заяве Беларуская АЭС названая «сучасным высокатэхналягічным праектам, які будуецца з захаваньнем міжнародных стандартаў у галіне бясьпекі».

«Апошнія крокі літоўскага боку зьяўляюцца праявай лёгікі абсурду, якую Літва, на жаль, ператварае ў аснову сваіх дзеяньняў у дачыненьні да БелАЭС. У ход ідуць любыя мэтады: ад галаслоўных абвінавачваньняў у небясьпечнасьці станцыі, якая будуецца, супярэчных высновам місій МАГАТЭ, да распаўсюджваньня ацэнак міжнародных органаў, якія скажаюцца літоўскім бокам», — гаворыцца ў заяве беларускага боку.

МЗС лічыць, што гэтыя дзеяньні «нацэленыя хутчэй на тое, каб адцягнуць увагу і ад уласных стратэгічных пралікаў у энэргетычным сэктары, і ад праблем, зьвязаных з вывадам з эксплюатацыі Ігналінскай АЭС».

Парлямэнт Літвы 15 чэрвеня прыняў закон, які сьцьвярджае, што атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG