Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявачка, прынцэса, шпіёнка — жыцьцё-трылер неверагоднай Асмаган


Асмаган

Калі вы ўжо ўдосыць нацешыліся скандынаўскім джазам і дыназаўрамі рок-музыкі, прапаную вам нешта крыху больш экзатычнае, але ня менш прывабнае. Вырвемся з роднай музычнай Эўропы, з англа-амэрыканскага поп-гета ў шырэйшы сьвет культурнай разнастайнасьці.

Куды завесьці цябе, дарагі чытач-слухач? Варыянтаў шмат: я б мог гадзінамі расказваць пра розныя музычныя стылі Бразыліі (у нас звычайна згадваюць памерлы там паўстагодзьзя таму стыль боса-нова, а самбу ведаюць хутчэй як танец), пра непаўторны сьвет ізраільскай песьні, пра тугу басьнійскіх сэўдалінак...

Але не, сёньня мы зоймемся арыенталізмам. Наш герой, дакладней гераіня — друзская сьпявачка Асмаган, найярчэйшая культурная зорка Эгіпту і ваколіцаў 1930-40 гадоў.

"Ya Habibi Tâala" (Прыйдзі, каханы), 1940

Нарадзілася яна як Амаль у сям’i, што належала магутнаму друзскаму клану Аль-Атраш, на караблі па дарозе з Турцыі ў Лібан. Кланавыя міжсобныя разборкі змусілі сям’ю ўцячы з Сырыі ў Эгіпэт, куды Амаль трапіла малой дзяўчынкай разам з маці і двума братамі. Маці цяжка зарабляла на жыцьцё, удзень шыла-прала, вечарамі сьпявала ў клюбах і на вечарынах. З дапамогай уплывовых знаёмых дзеці атрымалі добрую францускую каталіцкую адукацыю.

"Ya tuyur" (О, птушкі), 1940

У начных клюбах сьпяваў і старэйшы брат — пазьнейшы славуты лібанскі кампазытар і сьпявак Фарыд Аль-Атраш. Ягоныя знаёмыя з музычных колаў выпадкова пачулі, як сьпявае сястра-падлетак — і выцягнулі яе на вялікую сцэну. Ёй было 14. Так пачалася вялікая кар’ера. Выбраўшы сабе сцэнічнае імя Асмаган, у 16 яна ўжо запісала першую кружэлку. Пасьля гэтага яе ўжо было не спыніць.

Посьпех маладой жанчыны ў музыцы, а пасьля і ў кіно спарадзіў нямала турбуленцыяў у кансэрватыўным грамадзтве Эгіпту 1930-х. Яе стыль жыцьця выклікаў асуджэньне нават у сямейным коле. Яна піла, курыла, лёгка траціла грошы, наведвала казіно і, як меркавалася — спала з рознымі мужчынамі. А некаторыя казалі, што «нават і з жанчынамі»...

"Emta Hataraf" (Калі ж ты даведаесься...), зь фільму "Каханьне і помста", 1944

Асмаган двойчы была замужам за тым самым чалавекам, сваім траюрадным братам Хасанам — і двойчы зь ім разьвялася. Муж таксама не ўхваляў яе жыцьцёвыя звычкі.

Яе неверагодная прыгажосьць расчыняла перад ёй усе дзьверы. Яна ведала пра свой вобраз femme fatale і часта гэтым карысталася. І так зусім невыпадкова Асмаган трапіла ў сьвет вялікай палітыкі. У 1941 годзе брытанская выведка MI6 выйшла на яе з прапановай паўплываць на друзскія колы ў Сырыі, каб дапамагчы брытанцам заняць гэты край — паабяцаўшы даць Сырыі незалежнасьць. Асмаган са сваёй задачай справілася, але брытанцы абяцаньне не стрымалі.

Разгневаная Асмаган, якая з дапамогай сваіх чараў была ўжо выведаўшы нямала брытанскіх ваенных сакрэтаў, вырашыла адпомсьціць і выйшла ў Турцыі на кантакт зь немцамі, каб прадаць ім важную інфармацыю. Брытанцы выкрылі яе, затрымалі на мяжы і вынесьлі сьмяротны прысуд. Але і тут яна ўжыла свае таленты і здольнасьці і ўратавалася.​

"Layali El Ounsi Fi Vienna" (Вясёлыя ночы ў Вене), зь фільму "Каханьне і помста", 1944

Асмаган вярнулася да свайго багемнага жыцьця, новых песьняў, фільмаў, каханкаў. Падчас здымкаў чарговага фільму, 14 ліпеня 1944 году, яна ехала ў аўтамабілі зь сяброўкай па набярэжнай аднаго з рукавоў Нілу ў дэльце, аўтамабіль зьехаў з дарогі і ўпаў ў ваду, абедзьве жанчыны патанулі, кіроўца ўратаваўся, але зьнік бязь сьледу. Абставіны сьмерці 31-гадовай сьпявачкі засталіся загадкавымі, у ёй вінавацілі і брытанцаў, і немцаў, і брата, і былога мужа, і караля Фарука, і нават яе канкурэнтку сьпявачку Ум Кулсум. У фільме Gharam wa Intiqam (Каханьне і помста) давялося зьмяніць сцэнар – яго гераіня была «вымушаная» памерці...

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG