Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з кіраўнікоў Uber сышоў у адстаўку праз рэмарку пра жанчынаў


Мільярдэр Дэвід Бондэрман пакінуў раду дырэктараў кампаніі Uber у аўторак пасьля сустрэчы, прысьвечанай барацьбе з сэксізмам у кампаніі. На гэтай нарадзе Бондэрман зрабіў заяву, якая была расцэненая як абразьлівая для жанчын, перадае агенцтва Reuters.

На нарадзе вырашалася пытаньне, як рэфармаваць Uber пасьля расьсьледаваньня аб сэксуальных дамаганьнях у кампаніі. Яшчэ адна прадстаўніца кіраўніцтва кампаніі Арыяна Гафінгтан прапанавала павялічыць колькасьць жанчын у радзе дырэктараў.

«Ёсьць шмат дадзеных, якія паказваюць, што калі ў радзе дырэктараў ёсьць адна жанчына, высокая імавернасьць зьяўленьня іншай», — сказала Гафінгтан.

У адказ Бондэрман заявіў: «Папраўдзе гэта паказвае, што, імаверна, будзе больш размоваў на пасяджэньнях рады».

Супрацоўнікі кампаніі палічылі яго рэмарку дыскрымінацыйнай. На адрас дырэктара па пэрсанале Uber Ліэн Горнсі пачалі паступаць лісты са скаргамі. Рэпліка бізнэсоўца трапіла ў пратакол пасяджэньня і была апублікаваная на партале Yahoo Finance.

Пазьней Бондэрман папрасіў прабачэньня за сваю рэмарку, назваўшы яе «неасьцярожнай, недарэчнай і недаравальнай». Ён сьцьвярджае, што хацеў сказаць зусім іншае, але бярэ на сябе ўсю адказнасьць.

У заяве, якую Бондэрман перадаў агенцтву Reuters, гаворыцца, што ён ня хоча, каб яго словы пра жанчын ударылі па Uber як раз у той момант, калі кампанія змагаецца з праявамі сэксізму і іншых формаў дыскрымінацыі.

«Мне трэба прытрымлівацца тых самых стандартаў, якія мы распрацоўваем для Uber», — заявіў Бондэрман. Яго адстаўка ўступае ў сілу ў сераду раніцай.

Журналістам трапіў і ліст з выбачэньнямі, які Бондэрман накіраваў усім супрацоўнікам кампаніі. У ім былы кіраўнік піша, што не хацеў нікога абразіць сваёй заўвагай, але разумее, што абразіў, і таму пакідае раду дырэктараў.

Uber у апошнія месяцы скаланалі скандалы, зьвязаныя з сэксуальнымі дамаганьнямі на працоўным месцы. У дачыненьні да кампаніі ідуць два расьсьледаваньні, у рамках якіх 6 чэрвеня былі звольненыя 20 супрацоўнікаў Uber, уключаючы некалькіх кіраўнікоў.

У Uber па ўсім сьвеце працуюць больш за 12 тысячаў чалавек. Уласныя дадзеныя кампаніі сьведчаць аб тым, што каля 36% яе супрацоўнікаў — жанчыны.

XS
SM
MD
LG