Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк знізіў стаўку рэфінансаваньня да 13%, спаслаўшыся на станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы


Ад 14 чэрвеня з 14% да 13% гадавых у Беларусі зьніжаецца стаўка рэфінансаваньня. Пра гэта паведамляе ўпраўленьне інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Нацыянальнага банку.

«Праўленьне Нацыянальнага банку прыняло рашэньне аб зьніжэньні стаўкі рэфінансаваньня з 14% да 13% гадавых, ставак апэрацыяў падтрымкі ліквіднасьці банкаў — з 17% да 15% гадавых, а таксама ставак па пастаянна даступных апэрацыях выключэньня ліквіднасьці — з да 9% 8% гадавых», — гаворыцца ў паведамленьні.

Удакладняецца, што рашэньні ў галіне працэнтнай палітыкі прымаліся з улікам станоўчых тэндэнцый у эканоміцы, падвышэньня яе зьнешняй устойлівасьці, умацаваньня стабільнасьці ў грашова-крэдытнай сфэры.

Паводле Нацбанку, тэндэнцыя на запаволеньне інфляцыі адбываецца больш значнымі тэмпамі, чым чакалася. Так, у красавіку ў гадавым вымярэньні прырост спажывецкіх цэнаў склаў 6,3%, базавая інфляцыя — 6% супраць 10,6% і 10% у сьнежні 2016 году адпаведна. Чакаецца, што ў наступныя месяцы прырост спажывецкіх цэнаў захаваецца на ўзроўні крыху вышэй за 6% у гадавым выражэньні.

А ці насамрэч так усё аптымістычна ў беларускай эканоміцы, ці ёсьць падставы да аптымізму? Вось што з гэтай нагоды мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Пэўны трэнд сапраўды ёсьць, але трэба будзе ўлічваць інфляцыю ў памеры 6-7%. Таму думаю, што тэндэнцыя часовая. Так, быў продаж валюты насельніцтвам, але ён у асноўным зьвязаны з тым, што рэальныя даходы падалі, людзі падтрымлівалі ўзровень жыцьця продажам валюты і гэтым уплывалі на курс. Што будзе далей, цяжка сказаць, бо ідзе барацьба часткі намэнклятуры за тое, каб стала больш танных грошай. Калі барацьба будзе пасьпяховай, курс даляра можа вырасьці. Я бачу тэндэнцыю яшчэ ў тым, што Нацбанк плянаваў апусьціць стаўку рэфінансаваньня да 16% толькі да канца 2017 году. Як бачым, нейкая ўступка ціску ёсьць. І калі будзе працягвацца патрабаваньне танных грошай, то курс рубля будзе зьніжацца», — кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG