Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пачынае працэс супраць Чэхіі, Польшчы і Вугоршчыны праз адмову прымаць мігрантаў


Kамісар унутраных справаў і пытаньняў міграцыі ЭЗ Дымітрыс Аўрамопуляс
Kамісар унутраных справаў і пытаньняў міграцыі ЭЗ Дымітрыс Аўрамопуляс

У аўторак Эўрапейская Камісія вырашыла пачаць працэс супраць Чэскай Рэспублікі, Польшчы і Вугоршчыны, якія адмаўляюцца прымаць уцекачоў паводле квотаў, вызначаных Эўразьвязам.

Тыдзень таму Эўрапейская Камісія паведаміла, што на гэтым тыдні прыме рашэньне, ці будзе яна пачынаць працэдуру, якая можа ў выніку апынуцца ў Эўрапейскім судзе.

Міністар унутраных справаў Чэхіі Мілан Хованец у рэакцыі на гэтую заяву паведаміў, што калі Эўрапейская Камісія вырашыць караць дзяржавы, якія адмаўляюцца прымаць уцекачоў, гэта падарве давер Чэхіі да Эўрапейскага Зьвязу:

Мілан Хованец (справа)
Мілан Хованец (справа)

«Квоты не працуюць, мігранты ў краінах, якія іх прымаюць, не застаюцца, а ЭЗ закопвае галаву ў пясок і адмаўляецца прымаць рэальнасьць. Я па-ранейшаму спадзяюся, што ЭЗ ня будзе выбарачна караць тых, хто зьвяртае ўвагу на бессэнсоўнасьць квот. Гэта была б дарога ў пекла, якая б катастрафічна падарвала давер людзей Чэхіі ў ЭЗ».

«Удзел у пераразьмеркаваньні ўцекачоў не зьяўляецца добраахвотным», — падкрэсьліў камісар унутраных справаў і пытаньняў міграцыі ЭЗ Дымітрыс Аўрамопуляс.

Прыхільнікам пачатку працэсу супраць дзяржаваў, якія адмаўляюцца прымаць мігрантаў, выступае кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер.

Чэскі ўрад настойвае на сваёй адмове ўдзельнічаць у пераразьмеркаваньні мігрантаў на аснове квотаў, прынятых дзяржавамі ЭЗ, заявіў прэмʼер Чэхіі Богуслаў Собатка. Паводле яго, у Чэскай Рэспублікі дастаткова аргумэнтаў адстойваць сваю пазыцыю.

Магіфэстацыя пратэсту ў Празе супраць прыёму ўцекачоў, люты 2016
Магіфэстацыя пратэсту ў Празе супраць прыёму ўцекачоў, люты 2016

Эўракамісія накіруе ўрадам усіх трох краінаў афіцыйныя просьбы патлумачыць прычыну невыкананьня дамоўленасьцяў. Калі Брусэль палічыць адказы Прагі, Будапэшту і Варшавы нездавольнымі і прыйдзе да высновы, што Вугоршчына, Польшча і Чэхія не выконваюць абавязаньні ў рамках заканадаўства ЭЗ, ім дадуць два месяцы, ка яны выканалі патрабаваньні. Калі і пасьля гэтага ня будуць прынятыя неабходныя захады, Эўракамісія зьвернецца з пазовам у суд ЭЗ, які мае права абавязаць парушальнікаў выканаць патрабаваньні Брусэлю і, акрамя таго, накласьці на гэтыя дзяржавы грашовыя кары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG