Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы сярод маскоўскага АМАПу пазналі кіраўніка кіеўскага «Бэркута», які разганяў Майдан


Сяргей Кусюк

Актывісты акцыяў пратэсту ва Ўкраіне 2013-2014 гадоў сярод супрацоўнікаў АМАПу, што ўчора працаваў падчас мітынгу ў Маскве, пазналі кіраўніка кіеўскага спэцпадразьдзяленьня «Бэркут» Сяргея Кусюка.

Ягоны фатаздымак у форме расейскага АМАПу быў разьмешчаны на сайце тэлеканалу «Дождь». У лістападзе 2013 году менавіта пад кіраўніцтвам Сяргея Кусюка быў жорстка разагнаны студэнцкі пратэст на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве супраць адмовы Ўкраіны ад эўраінтэграцыі. Тады зьбітыя актывісты хаваліся ад перасьледу ў Міхайлаўскім саборы, дзе ім аказвалася мэдычная дапамога. Менавіта пасьля гэтага крывавага разгону ва Ўкраіне пачаліся масавыя акцыі пратэсту, якія завяршыліся ў 2014 годзе зьменаю ўлады.

Апроч таго, Сяргей Кусюк падазраваўся ў датычнасьці да арганізацыі нападу ды зьбіваньня ўкраінскай журналісткі Тацяны Чарнавол, якая цяпер абраная дэпутаткай парлямэнту паводле сьпісаў партыі «Народны фронт».

Пасьля Рэвалюцыі годнасьці кіраўнік кіеўскага «Бэркута» Сяргей Кусюк уцёк у Крым. Зь лета 2015 году на запыт Генэральнай пракуратуры Ўкраіны ён знаходзіцца ў вышуку паводле абвінавачаньняў у перашкодзе правядзеньня мірнай акцыі пратэсту і перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Ва Ўкраіне з 2015 году трывае судовы працэс над пяцьцю супрацоўнікамі «Бэркута», датычнымі да разгону акцыяў пратэсту ў лістападзе 2013 году і забойстваў іх актывістаў на пачатку 2014-га. У траўні 2016 году Генэральная пракуратура Ўкраіны паведаміла, што да расстрэлу ўдзельнікаў пратэсту датычныя 23 байцы «Бэркута» і трое іхных камандзіраў.

У часе Рэвалюцыі годнасьці загінулі больш як 100 украінцаў, у тым ліку двое замежных грамадзян — беларус Міхал Жызьнеўскі і грузін Давід Кіпіяні.

XS
SM
MD
LG