Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топал думае пра Беларусь


Вокладка кнігі «Цэх д’ябла» Яхіма Торпала. Фота: Логвінаў
Вокладка кнігі «Цэх д’ябла» Яхіма Торпала. Фота: Логвінаў

Яхім Топал, «Цэх д’ябла»; пераклад з чэскае Сяргея Сматрычэнкі; Логвінаў 2017.

Аднойчы Яхім Топал прыехаў у Менск прэзэнтаваць кнігу «Анёл», аўтарамі якой сталі таксама Ёзэф і Філіп Топалы (у перакладах Веранікі Бяльковіч і Сяргея Сматрычэнкі). А Менск аказаўся такім уражвальным, што ўжо ў наступным годзе быў напісаны «Цэх д’ябла» — твор, дзеяньне якога часткова адбываецца ў беларускай сталіцы.

Агулам «Анёл» запомніўся канцэнтрацыяй вострага, шалёнага болю і прыкладна прапарцыйнай колькасьцю псыхатропаў (не, гэта не апяваньне кветак зла, проста такі фон). У новай кнізе Топала ўсё на месцы, на хвіліну ўзьнікае нават вобраз чырвонага неба, які быў скразным у рамане. У «Цэху д’ябла» замест яго чырвоны пыл, што асыпаецца з крапасных муроў і фарбуе траву. Крывавы пыл гісторыі, ад якога нікуды не падзецца, як ад памяці, і які можна ўжываць як заўгодна.

Суб’ект і аб’ект у гэтай кнізе супадаюць і вызначаюцца эпіграфам: «Глядзі, у мяне чужыя шнары, / Адкуль яны ўзяліся?» (Дарота Маслоўска). Твор Топала для тых і пра тых, каму смыляць чужыя раны. Як жыць пасьля Асьвенціму? Ці ёсьць жыцьцё пасьля той бяздоннай вусьцішы? — пытаньні, зь якімі героі мусяць даць рады. Некалькі пакаленьняў — сьведкі, тыя, што перажылі ўласную сьмерць і засталіся з большымі ці меншымі шнарамі, больш ці менш скалечанай псыхікай, і тыя, хто пасьля іх, шукальнікі шнараў. «…шукальнікамі часта рабіліся маладыя людзі, якім разьдзірала мозг хмара вусьцішнае мінуўшчыны, жахаў, што адбыліся з іх бацькамі, дзядамі, сваякамі або ўвогуле, што яны адбыліся… Але ж яны могуць адбыцца зноў? І на што ўвогуле чалавек здатны? І як так, што гэта здарылася з маёй бабкай або цёткай, а мяне абмінула?»

Топал гаворыць усур’ёз, хоць і не бяз чорнага гумару, але абыходзіцца без танных маніпуляцый — абліваньня сьлязой, прыкладаньня рукі да грудзей, усяго, што, на жаль, нам добра знаёма. Рэакцыю, аднак, выклікае. Яшчэ б, гэта ж і пра нашы траўмы таксама, пра Ўсход і Захад зь іх парадоксамі і няроўнымі адносінамі. Ніхто не жадае прызнаваць сябе Усходняй Эўропай: «…усход Еўропы — ён жа такі ўбогі і развалены!» Але, мераючыся траўмамі, героі высьвятляюць, чый Усход усходней і чыя гісторыя трагічней: «…вы былі на Захадзе! У вас нічога не адбывалася!» Роля Усходу, цэху д’ябла, запаведніка жуды і вусьцішы аддадзена… правільна, Беларусі.

Яхім Топал. Фота: Ondřej Němec
Яхім Топал. Фота: Ondřej Němec

Дзьве рэальныя геаграфічныя кропкі — Тэрэзін і Менск — у кнізе паўстаюць аднолькава фантасмагарычнымі, гратэскнымі. Але адносна Менску ў анатацыі і інтэрвію аўтара акуратна папярэджваецца, што гэта фантомны горад. Маўляў, беларускаму чытачу ня варта крыўдаваць. Так, Менск Топала — гэта Менск, якім пужаюць замежніка; горад, прапушчаны праз фільтар «агонь». Мажліва, нехта не такога ўнёску хацеў у «менскі тэкст». Але такі самы непрытульны, непрыветны і паранаідальны Мінск прадукуецца і беларускімі аўтарамі, дык чаго ж крыўдаваць на люстэрка. «І чаму я цяпер у гэтым Менску такі асьцярожлівы, пастаянна гатовы ўхіліцца? <…> Зрэшты, я ведаю, што мяне бянтэжыць. Тут я відзён адусюль», — разважае герой Топала. У эсэ Тацяны Заміроўскай «Синестезия беспамятства. Минск как невозможность текста о нём из Нью-Йорка» тое ж фармулюецца нелітасьціва выразна: «Этот чёртов город так хорошо простреливается».

Усе тыя пазнавальныя рэаліі Менску, якімі карыстаецца Топал, сабраныя разам, могуць выклікаць адчуваньне карыкатурнасьці і нават раздражняць, бо колькі можна. Але фішка ў тым, што Топал не хранікёр, рэаліі — тое, ад чаго ён усяго толькі адштурхоўваецца, а далей аўтарскі вымысел размывае берагі рэчаіснасьці. І праблема ў тым, што раны горада-героя насамрэч незагойныя, беларускія траўмы заўсёды сьвежыя. Топал натхняўся Плошчай-2006, а ў нас тым часам здарылася новая плошча, новыя разгоны, Курапаты… Пра якую болевую кропку ні напішы, усё прачытваецца як актуальнае.

Наогул «Цэх д’ябла» — вельмі шчыльна арганізаваны тэкст, дзе на малы аб’ём прыходзіцца процьма праблем і пытаньняў. Кожны разьдзел набрынялы. Іншы аўтар напісаў бы на гэтым матэрыяле добрую таміну. Топал бярэ вельмі хуткі тэмп і заўсёды правільную інтанацыю. Мова беспамылкова супадае з дыханьнем аповеду. Ніякай збыткоўнасьці, «няма часу тлумачыць», але кожная дэталь, якая, дарэчы, не выпінаецца, не кідаецца знарок у вочы, спрацуе. Паэта ў аўтары пазнаеш, нават не ведаючы яго біяграфіі — такія дакладныя і дарэчныя тут мэтафары. Топал ня хуткі на ацэнкі, пытаньні ставяцца густа, але ісьціны ніхто не абяцае. Герой цягам усяго твору застаецца бязь імені і бяз маскі, а чытач у выніку застаецца са сваімі развагамі, эмоцыямі, унутранымі супярэчнасьцямі. І гэта, як мінімум, цікава.

Алена Карп

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG