Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З апярэджаньнем графіку завершаны дэмантаж будынка «БелЭкспа». Фота


У цэнтры Менску на вуліцы Янкі Купалы з апярэджаньнем графіку завершаны дэмантаж шклянога корпусу «БелЭкспа». Ад пачатку плянавалася разабраць будынак у верасьні, але пляцоўка практычна вызваленая — на тэрыторыі стаіць толькі невялікая тэхнічная прыбудова.

Яшчэ раней быў зруйнаваны галоўнага корпус 2-га клінічнага шпіталю на скрыжаваньні вуліц Багдановіча і Купалы. Чатыры будынкі колішняга кляштара, якія яшчэ нядаўна таксама належалі шпіталю, засталіся. Пад што іх прыстасуюць, пакуль невядома.

Да 2021 году на невялікім пляцы ў цэнтры сталіцы мяркуецца ўзьвесьці гатэльны комплекс, казіно, рэстаран, гандлёвую зону, падземны паркінг.

У Менску пачалі разьбіраць будынак БелЭкспа дзеля «нафталінавай архітэктуры»

Новы квартал прафінансуе інвэстар з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў — фонд Royal Group шэйха Тахнуна бін Заід аль-Нахаяна гатовы ўкласьці ў асваеньне тэрыторыі 250 мільёнаў даляраў. Грамадзкага абмеркаваньня праекту, які даручана распрацаваць менскай майстэрні «Варабʼёў і партнэры», не прадугледжана.

Між тым да журналістаў трапіла эскізная выява будучага камэрцыйнага комплексу на месцы «БелЭкспа» — шматпавярховая будыніна ў нечым нагадвае Палац Незалежнасьці. Адзін з аўтараў праекту Нацыянальнага выставачнага цэнтру, заслужаны архітэктар Беларусі Юры Градаў лічыць памылковым рашэньне замяніць лёгкую шкляную канструкцыю на масіўнае бэтоннае збудаваньне:

Юры Градаў
Юры Градаў

«Я добра ведаю Алега Варабʼёва, але не лічу ўдалым рашэньнем увапхнуць на гэты лапік штосьці масіўнае. Крыўдна, вядома, што так усё атрымалася. Гэта першы ў рэспубліцы будынак са шкла — авангардны абʼект у стылі мінімалізму. Казаў і буду казаць: на гэтым месцы нельга будаваць грамадзіну. Вузенькая рэчка, водна-зялёны дыямэтар, там горадабудаўнічых памылак і без таго нароблена процьма. Вазьміце вуліцу Гандлёвую, якая муляжамі навісла над Сьвіслаччу. Гэта ўжо не гістарычная спадчына: уздоўж набярэжнай павырасталі шматпавярховыя гмахі, якія засланілі гістарычную частку Верхняга гораду. Тут таксама трэба было падысьці вельмі тонка. А тое, што робіцца такім чынам, — у большай ступені ўплываюць інвэстыцыі».

Юры Градаў перакананы: маштабныя праекты, падобныя эмірацкаму, не павінны рэалізоўвацца кулюарна, без шырокага абмеркаваньня з прыцягненьнем прадстаўнікоў грамадзкасьці і аўтарытэтных экспэртаў.

Так выглядаў будынак «БелЭкспа», архіўнае фота
Так выглядаў будынак «БелЭкспа», архіўнае фота

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG