Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэп Гвардыёла выступіў з маніфэстам у падтрымку каталёнскай незалежнасьці


Пэп Гвардыёла з выбарчай урнай на мітынгу за незалежнасьць, 11.06.2017
Пэп Гвардыёла з выбарчай урнай на мітынгу за незалежнасьць, 11.06.2017

Трэнэр футбольнага клюбу «Manchester City» Пэп Гвардыёла выступіў у нядзелю з прамовай на карысьць рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі і заклікаў міжнародную супольнасьць падтрымаць гэты рэгіён Гішпаніі ў яго змаганьні з «аўтарытарнай дзяржавай», кіраванай з Мадрыду.

Былы капітан і трэнэр клюбу «Барсэлёна» выступіў з гэтым заклікам праз два дні пасьля таго, як прэзыдэнт каталёнскай аўтаноміі Карлэс Пудждэмон абвясьціў аб правядзеньні 1 кастрычніка сёлета рэфэрэндуму аб незалежнасьці, які цэнтральныя гішпанскія ўлады лічаць незаконным.

Выступаючы на мітынгу з удзелам 30 тысячаў чалавек перад барсэлёнскім Нацыянальным палацам, Гвардыёла заявіў, што Мадрыд «уціскае права на палітычнае волевыяўленьне», што «пагражае ўсім дэмакратам».

«Мы, каталёнцы — ахвяры дзяржавы, якая ажыцьцяўляе палітычны перасьлед, што ня робіць гонару дэмакратычнай краіне Эўропы ХХІ стагодзьдзя», — дадала футбольная зорка.

Зачытваючы свой маніфэст на каталёнскай, гішпанскай і ангельскай мовах, Гвардыёла абвясьціў: «Мы мусім тут ясна заявіць, што 1 кастрычніка мы вырашым нашу будучыню, нават калі гішпанская дзяржава гэтага не захоча».

Дату галасаваньня абвясьціў у мінулую пятніцу прэзыдэнт Жэнэралітэту Каталёнія Карлэс Пудждэмон пасьля таго, як апошнімі тыднямі скончыліся няўдачай перамовы з цэнтральным гішпанскім урадам у гэтым пытаньні.

Урад Марыяна Рахоя пасьлядоўна адхіляў усе спробы правядзеньня рэфэрэндуму, цьвердзячы, што гэта пярэчыць канстытуцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG