Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Stranou»: паэзія знаходзіць месца на ўзбочынах


Руіны замку Кракавец, сярэдняя Чэхія

Ёсьць польскі паэт Павел Шыдэл (Paweł Szydeł). І ёсьць чэская паэта Ленка Даньгелава (Lenka Daňhelová). У 2004 годзе Павел Шыдэл у сваёй роднай ваколіцы (Więcbork у Куяўска-паморскім ваяводзтве) арганізаваў штогадовы літаратурны фэстываль «Pobocza» (Узбочыны) вакол літаратурнага часопісу з такой самай назвай, які ён рэдагаваў і публікаваў у інтэрнэце. На чытаньні, якія адбываліся ў рамках фэстывалю, запрашаліся паэты і перакладчыкі зь Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку і зь Беларусі.

Арганізатары фэстывалю «Stranou»: Ленка Даньгелава і Пэтэр Кухар
Арганізатары фэстывалю «Stranou»: Ленка Даньгелава і Пэтэр Кухар

Паўлу Шыдэлу ўдалося знайсьці спонсараў у Польшчы на фэстывалі ў 2004—2012 гг. Тым часам ягоную ідэю падхапіла згаданая Ленка Даньгелава, якая, разам з мужам Пэтрам Кухарам, пачала ў 2008 годзе арганізаваць падобны фэстываль у Чэхіі пад назвай «Stranou» (Збоку).

Юлія Цімафеева
Юлія Цімафеева

Фэстываль «Stranou», які мае падзагаловак «Эўрапейскія паэты жыўцом», сёлета праходзіў 6–10 чэрвеня, ужо 10-ты раз. Адно з чытаньняў адбылося ў Празе (бібліятэка Вацлава Гаўла), але большасьць фэстывальных сустрэчаў прайшла ў мястэчку Бэраўн (Beroun), за 30 кілямэтраў на паўднёвы захад ад Прагі, дзе жывуць арганізатары. У апошні дзень фэстывалю, 10 чэрвеня, удзельнікі сустрэліся ў руінах замку Кракавец (hrad Krakovec), кілямэтраў за 50 ад Прагі. З гэтай сустрэчы прапануем вам кароткую відэасправаздачу.

Альгерд Бахарэвіч і Сяргей Шупа
Альгерд Бахарэвіч і Сяргей Шупа

Сёлета на фэстываль «Stranou» прыехалі паэты і перакладчыкі паэзіі з шасьці краінаў: Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Славеніі, Харватыі, Аўстрыі. Беларусь прадстаўлялі паэтка Юлія Цімафеева, празаік Альгерд Бахарэвіч і перакладчык Сяргей Шупа. У Кракаўцы выступілі: Генавэфа Якубоўска-Фіялкоўска, Францішэк Камэцкі і Павел Шыдэл (Польшча); Маркета Гэйна, Ітка Србава, Ярамір Тыплт, Павэл Новатны, Ленка Даньгелава (Чэхія); Юлія Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Шупа (Беларусь); Вэсна Касэрэс (Чэхія/Харватыя/Славенія).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG