Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тым, хто хоча пражыць ў два разы даўжэй, дапаможа мэдытацыя


Такую выснову робіць журналіст брытанскай газэты The Guardian Олівэр Бэркман, расказваючы пра кнігу Шынзэна Янга «Навука асьветы».

У сваёй новай кнізе настаўнік мэдытацыі Шынзэн Янг сьцьвярджае, што калі вы будзеце мэдытаваць на працягу некалькіх хвілін кожны дзень, вы зможаце падвоіць працягласьць свайго жыцьця. Бэркман піша, што да такой высновы можна ставіцца па-рознаму. Можна лічыць, што Янг — шарлатан. Можна таксама лічыць, што ягоныя высновы занадта мэтафарычныя. Але, кажа Бэркман, рэальнасьць такая, што Янг можа мець рацыю.

І вось як ён гэта тлумачыць.

Калі вы старэйшыя за 25 гадоў, вам павінна быць знаёмае пачуцьцё паскарэньня часу, паскарэньня старэньня. Верагодна, гэта адбываецца таму, што мы сутыкаемся як зь меншай колькасьцю новых уражаньняў, так і зь меншай колькасьцю інфармацыі, на якую мы зьвяртаем увагу. У выніку, калі мы ўспамінаем пражытыя месяцы і гады, яны нам здаюцца карацейшымі.

Кожны з нас можа праверыць гэтыя высновы на сабе. Дастаткова ўспомніць яркія паездкі зь яркімі ўражаньнямі. Сам Олівэр Бэркман расказвае пра паездку ў Швэцыю на машыне. Дарога туды і назад заняла пяць дзён і побыт у Швэцыі — столькі ж. У выніку ўражаньні ад Швэцыі засталіся, а ад падарожжа туды і назад — не.

Звычайная парада для запавольваньня часу — мець больш экзатычныя ўражаньні. Але мала хто з нас можа выдзяляць шмат часу для наведваньня далёкіх экзатычных краін. Асабліва калі вы актыўна працуеце або калі ў вас малыя дзеці.

У сваёй кнізе Янг паказвае яшчэ адзін шлях — канцэнтрацыя ўвагі, здольнасьць засяроджвацца нават на будзённых рэчах. У выніку акажацца, што кожны момант свайго жыцьця мы пражываем з падвойнай інтэнсіўнасьцю. Калі вы навучыцеся гэта рабіць, піша Янг, «ваш вопыт ад кожнага моманту [будзе] у два раз больш поўны ў параўнаньні зь цяперашнім часам». І, такім чынам, любы адрэзак часу будзе здавацца нам у два разы даўжэйшым.

Як палепшыць канцэнтрацыю? Янг прапануе навучыцца мэдытацыі і ахвяраваць на яе ўсяго некалькі хвілін кожны дзень.

Тут можна запярэчыць, што гэта і ёсьць мэтафарычная выснова, далёкая ад рэальнасьці. Але Олівэр Бэркман піша, што мова тут не ідзе пра пашпартныя дадзеныя кожнага чалавека і працягласьць ягонага жыцьця, падлічаную ў гадах. Мова якраз пра наша адчуваньне доўгага, паўнацэннага жыцьця. На думку журналіста, жыцьцё, падчас якога вы былі ў два разы больш уважлівыя і сканцэнтраваныя, сапраўды будзе ў два разы даўжэйшае.

Да таго ж, як сьведчаць апошнія дасьледаваньні псыхолягаў, высокая канцэнтрацыя зьяўляецца карыснаю і для нашага ўнутранага здароўя.

XS
SM
MD
LG