Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пачалі рэгулярныя пастаўкі газу ў Польшчу і Нідэрлянды


Тэрмінал па перагрузцы звадкаванага газу ў Мэрылэндзе

Танкеры, запоўненыя звадкаваным палівам, ужо разгружаюцца ў партах гэтых краінаў.

Злучаныя Штаты пачалі рэгулярныя пастаўкі звадкаванага газу ў Паўночную Эўропу, забясьпечваючы дывэрсыфікацыю пастаўшчыкоў газу і энэргетычную бясьпеку Эўропы, заявіў у пятніцу міністар энэргетыкі ЗША Рык Пэры.

У чацьвер танкеры з амэрыканскім прыродным звадкаваным газам усталі пад разгрузку ў Нідэрляндах і Польшчы. Упершыню амэрыканскі звадкаваны газ разгружаецца на тэрміналах у Паўночнай і Ўсходняй Эўропе.

«Эўропа разглядала Злучаныя Штаты як патэнцыйную ключавую крыніцу энэргетычнай дывэрсыфікацыі з мэтай зьніжэньня ўплыву Расеі як галоўнага пастаўшчыка энэргарэсурсаў у гэты рэгіён», — заявіў Пэры.

Адміністрацыя Дональда Трампа паставіла павелічэньне экспарту звадкаванага газу ў якасьці адной з прыярытэтных эканамічных задач. У якасьці міністра энэргетыкі Рык Пэры ўхваліў шэраг ліцэнзій на экспарт газу з тэрміналаў, разьмешчаных на ўзьбярэжжы Мэксыканскага заліву.

Амэрыканскі звадкаваны газ ужо экспартуецца ў Гішпанію, Партугалію, Італію, Турэччыну і на Мальту. ЗША маюць намер стаць трэцяй па абʼёмах экспарту прыроднага газу краінай на працягу трох гадоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG