Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Памяць пра землякоў узроўню Сапегі — абарона ад «рускага сьвету»


Мэмарыяльны знак Льву Сапегу ў Астроўне

У Віцебску адбылася канфэрэнцыя, прысьвечаная 460-годзьдзю канцлера ВКЛ Льва Сапегі — знакамітага земляка, ураджэнца мястэчка Астроўна Бешанковіцкага раёну.

Першым выступоўцам быў доктар філялягічных навук Іван Саверчанка, аўтар шэрагу зборнікаў пра выбітных дзеячаў Беларусі. Менавіта яму ўдалося ў першыя гады беларускай незалежнасьці вярнуць імя Льва Сапегі ў рэчышча айчыннай гісторыі.

Выступае Іван Саверчанка. Зьлева — Хрыстафор Жаляпаў
Выступае Іван Саверчанка. Зьлева — Хрыстафор Жаляпаў

І менавіта ягоная кніга «Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега», выдадзеная ў сэрыі «Нашы славутыя землякі», натхніла калісьці маладога аршанскага мастака Алеся Кажамяку на стварэньне партрэта слыннага дзеяча ВКЛ паводле старажытнага малюнка. Партрэт, напісаны больш як 20 гадоў таму, мастак перадаў старшыні віцебскага ГА «Самакіраваньне і грамадзтва» Хрыстафору Жаляпаву — галоўнаму арганізатару канфэрэнцыі.

Мастак Алесь Кажамяка
Мастак Алесь Кажамяка

Паводле спадара Жаляпава, сёньня імя знакамітага земляка мусіць натхняць нашых сучасьнікаў ніколькі ня менш, чымсьці ў першыя гады беларускай незалежнасьці:

«Той пэрыяд многія згадваюць як вельмі спрыяльны час для станаўленьня дэмакратыі. На Віцебшчыне былі ўтвораныя дзясяткі няўрадавых арганізацый, наша філія выдавала газэту «Свабоднае слова» якая распаўсюджвалася па ўсёй вобласьці. Таму я ніколі не пагаджуся з тымі, хто кажа, што Віцебск — гэта тэрыторыя, якая безнадзейна падпала пад уплыў Расеі. Якраз наадварот: памяць пра землякоў узроўню Льва Сапегі, гонар за сваю гісторыю — самая надзейная абарона ад «рускага сьвету».

Пра тое, што вывучэньне дзейнасьці Льва Сапегі мае вялікі навуковы патэнцыял, гаварылі ўсе ўдзельнікі канфэрэнцыі. Выступоўцы зь Менску і розных рэгіёнаў Віцебшчыны апавядалі пра рознабаковасьць асобы канцлера ВКЛ — пра ягоны ўнёсак у падрыхтоўку і выданьне Трэцяга Статуту Вялікага Княства Літоўскага, пра талент палітыка і дыплямата, літаратара і філёзафа, пра мясьціны, зьвязаныя з імем Сапегі на Аршаншчыне, на Талачыншчыне, на Лепельшчыне, на Браслаўшчыне.

Выступае Станіслаў Леаненка, краязнаўца зь Бешанковічаў
Выступае Станіслаў Леаненка, краязнаўца зь Бешанковічаў

Нерэалізаваны турыстычны патэнцыял ёсьць і ў малой Радзімы гэтага дзеяча, падкрэсьліў краязнаўца зь Бешанковічаў Станіслаў Леаненка. Цяпер Астроўна — гэта невялікі аграгарадок у Бешанковіцкім раёне. А калісьці — мястэчка гістарычнай Віцебшчыны, якое атрымала магдэбурскае права. Да нашага часу тут захаваўся будынак касьцёлу, які ў 17-м стагодзьдзі быў дамініканскім. Потым будынак перажыў грунтоўную рэканструкцыю і цяпер належыць праваслаўнай царкве. На думку краязнаўцаў, недзе паблізу, на беразе вялікага возера, некалі быў і радавы маёнтак Льва Сапегі. Цяпер нерухомасьць у гэтым маляўнічым кутку масава скупляецца жыхарамі Расеі, якія будуюць тут катэджы.

Былы касьцёл, цяпер — царква
Былы касьцёл, цяпер — царква

Возера, на беразе якога калісьці быў маёнтак Сапегаў
Возера, на беразе якога калісьці быў маёнтак Сапегаў

Пра тое, што Астроўна — гэта радзіма выбітной гістарычнай асобы, нагадвае хіба толькі мэмарыяльны помнік — камень. За ўсталяваньне знаку, вырабленага ў 2003-м годзе на замову віцебскіх актывістаў, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў змагаліся некалькі гадоў, аж пакуль у 2007-м годзе мясцовыя ўлады ня вырашылі ўсталяваць яго ад свайго імя.

Удзельнікі канфэрэнцыі ўсклалі кветкі да каменя. На іхнюю думку, вывучэньне багатай інтэлектуальнай спадчыны Льва Сапегі мусіць стаць накірункам досьледаў адмыслоўцаў у самых розных галінах навукі. Таму й канфэрэнцыя, якая адбылася ў віцебскім Эўрапейскім доме, называлася сымбалічна: «Леў Сапега — чалавек трэцяга тысячагодзьдзя».

Удзельнікі канфэрэнцыі ўскладаюць кветкі
Удзельнікі канфэрэнцыі ўскладаюць кветкі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG