Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знос дамоў у Гомлі — уладальнікі кажуць, што ня ведалі пра грамадзкае абмеркаваньне


У Чкалаўскім праезьдзе
У Чкалаўскім праезьдзе

У Савецкім раёне Гомля гарадзкія ўлады абвясьцілі пра вялікі знос прыватных жылых дамоў у межах вуліц Багдана Хмяльніцкага — праспэкт Рэчыцкі — Чкалава. Гэта выклікала абурэньне ў шмат каго з тутэйшых жыхароў.

«Зносьце старыя карпусы — будуйце шматпавярховікі»!

Пад знос падпадаюць 54 сядзібы, разьмешчаныя на няцотным баку вуліцы Беларускай, а таксама на Пясочным, Чкалаўскім і Куйбышаўскім праездах.

Адміністрацыя Савецкага раёну 10 чэрвеня блізу поўдня ладзіла сустрэчу з прыватнікамі ў Чкалаўскім праезьдзе. Сабралася звыш сотні мясцовых жыхароў — парамі, зь дзецьмі, з унукамі.

«У 2008 годзе мы атрымалі дазвол на рэканструкцыю дома, — кажа спадарыня Канаплянікава зь Пясочнага праезду. — Дабудавалі трохсьцен, перакрылі дах, правялі ваду, газ, каналізацыю. Меліся й сёлета парадкаваць сядзібу. І тут, як гром сярод яснага неба, — знос. У горадзе й без таго багата доўгабудаў, а тут людзі ўладкаваліся, жывуць, ні ў каго нічога ня просяць. Не, трэба іх зганяць. Вунь побач завод гандлёвага абсталяваньня — даўно загнуўся. У процілеглым баку — плястмасавы завод, таксама не працуе. Зносьце старыя карпусы — будуйце шматпавярховікі! Літаральна чатырыста мэтраў адсюль закрылі рынак Быхаўскі — участак лебядою зарастае».

«На чамаданах сядзець ня трэба — жывіце тут і цяпер»

Розных нараканьняў у прыватнікаў дзесяткі — яны шумяць, перабіваючы адзін аднаго, а заадно й раённых і гарадзкіх чыноўнікаў, што прыйшлі распавесьці жыхарам пра лёс ладнага кавалка зямлі ў межах вуліцы Беларускай і Куйбышаўскага праезду.

Галоўны архітэктар гораду Юры Літвінаў паінфармаваў прысутных, што, паводле генпляну Гомля, адкарэктаванаму і зацьверджанаму ўказам прэзыдэнта 26 сьнежня 2016 году, гэты прыватны квартал «зьяўляецца зонай шматкватэрнай жыльлёвай забудовы і ў пэрспэктыве будзе забраны і зьнесены».

Тлумачэньні чыноўнікаў
Тлумачэньні чыноўнікаў

Грамада незадаволена наракае. Многім ня чутна, што кажа галоўны архітэктар. Чыноўнікі прыйшлі без аніякай гукаўзмацняльнай апаратуры. Блізкі Рэчыцкі праспэкт заглушае прамоўцаў гулам машын, аўтобусаў ды тралейбусаў.

Гучна тлумачыць сытуацыю спрабуе начальніца аддзелу будаўніцтва гарвыканкаму Вольга Смалько. Яна крыху супакойвае жарсьці: «На чамаданах сядзець ня трэба — жывіце тут і цяпер». Прынамсі, сёлета зносіць прыватныя дамы ня будуць. Чыноўніца тлумачыць, што забудоўшчыкам выступае ўправа капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму. Прыкладна год ці нават паўтара будзе весьціся ацэнка пабудоваў, пладовых дрэваў, кустоў парэчак, маліны, трускалак і нават ландышу на ўчастках кожнага гаспадара і з улікам ацэнкі камісіі мае выплачвацца кампэнсацыя. Потым ужо дамы й гароды пойдуць пад нож бульдозэраў.

У пошуках лёгікі

Шмат хто з прыватнікаў ня можа ўцяміць лёгікі гарадзкіх уладаў: зносяць больш за паўсотні дамоў, сярод якіх ёсьць надзвычай прыгожыя і дыхтоўныя, каб выплаціць прыватнікам кампэнсацыю і будаваць для іх жа (зразумела, і для іншых гараджанаў) шматпавярховікі? Сёй-той прыгадвае і нядаўнюю справу былога старшыні гарвыканкаму Віктара Піліпца, пад кіраўніцтвам якога зносілі прыватныя дамы на блізкай вуліцы Барыкіна, і, замест перасяленцаў, забясьпечвалі таннымі кватэрамі сваякоў ды патрэбных людзей.

Дом у Пясочным праезьдзе
Дом у Пясочным праезьдзе

«Дамы на Барыкіна пазносілі, а будаваць нічога не будуць», — зьдзіўляецца гараджанка сярэдняга веку. «Ну, гэта ж вам не на паперы дом намаляваць», — камэнтуе рэпліку начальніца будаддзелу Смалько.

Грамадзкае абмеркаваньне, пра якое ня ведаюць

Прысутныя зьдзіўляюцца, адкуль у гораду сродкі на такі знос і будаўніцтва. Некаторыя чарговы раз згадваюць, што яшчэ летась пра рэальнае будаўніцтва не было размоваў.

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Аляксандар Бондараў не пагаджаецца:

«У 2012 годзе праводзілася грамадзкае абмеркаваньне наконт шматпавярховай забудовы гэтага кварталу. Ёсьць пратакол камісіі, якая гэта рабіла. Зараз жыхары атрымалі толькі паведамленьне пра маючы адбыцца знос. Рашэньне гарвыканкаму на выйманьне ўчасткаў і знос дамоў яшчэ не прынятае».

Многія ўпершыню чуюць пра грамадзкае абмеркаваньне зносу прыватных дамоў на цяпер ужо канфліктнай тэрыторыі:

«Якое абмеркаваньне? Нам, хто жыве на Куйбышаўскім праезьдзе, нават не прынесьлі паперчыну на сёньняшнюю сустрэчу».

«Людзі ў прыватным сэктары больш незалежныя»

Гісторык Валянцін Міхедзька, чый дзед пасяліўся ў гэтым мікрараёне больш як сто гадоў таму, кажа, што ў горадзе даўно паўстала пытаньне аб прынцыпах, на якіх вядзецца забудова:

«Патрэбна сур’ёзнае супольнае абмеркаваньне гэтай праблемы, а не прыняцьце адміністрацыйных рашэньняў. Так, ёсьць генплян, які цяпер падаецца як апошняя інстанцыя. Дык было ўжо сем генплянаў. Пра прыватны сэктар кажуць — халабуды стаяць, непрывабны выгляд, госьці ды іншаземцы зьдзіўлена глядзяць. Відавочна, гэта вынік доўгатэрміновай палітыкі, якая праводзілася ў дачыненьні да прыватнага сэктару».

Валянцін Міхедзька
Валянцін Міхедзька

«Людзі ў прыватным сэктары больш незалежныя, — дадае ён, — Я прыгадваю, як шмат раней расло наўкола прыгожых і магутных дрэваў. Горад быў сапраўды зялёным і, як для мяне, успрымаўся заўсёды радзімай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG