Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ адмовіўся абнародаваць пералік абʼектаў, здымаць якія забаронена


Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі адмовіўся прадставіць Беларускай асацыяцыі журналістаў пералік «асабліва рэжымных і рэжымных абʼектаў, якія забаронена фатаграфаваць». Копія адказу публікуецца на сайце журналісцкай арганізацыі.

Паводле першага намесьніка старшыні КДБ Ігара Сяргеенкі, гэтыя зьвесткі адносяцца да інфармацыі, «прадстаўленьне якой абмежавана».

«Мы сутыкаемся з нонсэнсам прававой сыстэмы, калі мы, журналісты, у нашай жа краіне ня можам нават даведацца сьпіс абʼектаў, якія нам забаронена фатаграфаваць ці здымаць на відэа», — пракамэнтаваў ліст з КДБ прэсавы сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі.

Пры гэтым ён заўважае, што на самой справе Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярталася ў Савет міністраў, адкуль запыт чамусьці перанакіравалі ў Камітэт дзяржбясьпекі.

Канфлікты, зьвязаныя з забаронай праводзіць фота- і відэаздымкі, здараюцца рэгулярна. Міліцыя і супрацоўнікі аховы спасылаюцца на тое, што той ці іншы абʼект рэжымны, аднак праверыць гэта няма як.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG