Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падвешаны» парлямэнт: у Вялікай Брытаніі кансэрватары страцілі бальшыню, маюць толькі 48-49%


У выніку пазачарговых парлямэнцкіх выбараў у Вялікай Брытаніі ніводная партыя не атрымлівае парлямэнцкай большасьці. Кансэрватары страчваюць, паводле папярэдніх вынікаў і прагнозаў, 12-13 месцаў і будуць мець 48-49% месцаў у парлямэнце. Лейбарысты маюць 30, калі ня болей, новых месцаў. Хто зь іх сфармуе ўрад, невядома.

Новы парлямэнт упершыню зьбярэцца 13 чэрвеня, каралева зьвернецца да яго 19 чэрвеня. Гэта першыя парлямэнцкія выбары ў Вялікай Брытаніі пасьля абвяшчэньня Brexit — выхаду краіны з Эўразьвязу. Калі па выніках выбараў і фармаваньня ўраду кансэрватары пацерпяць няўдачу, Brexit можа нават быць прыпынены або адкладзены.

Паводле зьвестак The Guardian, на момант публікацыі разьмеркавана 635 з 650 месцаў у парлямэнце, кансэрватары маюць 308 месцаў (мінус 12 мандатаў), лейбарысты — 259 месцаў (плюс 30 мандатаў), лібэрал-дэмакраты — 12, Шатляндзкая нацыянальная партыя — 34. Прагноз BBC такі: 318 месцаў у кансэрватараў (што яшчэ далёка ад 326 месцаў, патрэбных для атрыманьня большасьці), 262 у лейбарыстаў.

Такі стан адсутнасьці партыі з большасьцю месцаў брытанцы ў сацсетках называюць #hungparliament — «падвешаны парлямэнт». Гэта значыць, урад можа прапаноўваць законапраекты, якія апанэнты ня змогуць заблякаваць. Маюць пачацца перамовы дзеля фармаваньня кааліцыйнага ўраду. Папярэдні ўрад пакуль захавае паўнамоцтвы да фармаваньня новага, хоць ужо 6 міністраў страцілі свае дэпутацкія мандаты.

Нават бяз большасьці кансэрватараў іхная лідэрка Тэрэза Мэй зможа застацца прэм’ер-міністрам, калі ўдасца сфармаваць да 13 чэрвеня кааліцыйны ўрад. У адваротным выпадку кабінэт міністраў будзе рэкамэндаваць ёй пайсьці ў адстаўку (меркавана, аддаць пасаду лідэру лейбарыстаў Джэрэмі Корбіну), яе праца на пасадзе прэм’ер-міністра будзе самай кароткай за 94 гады.

#hungparliament — не адзіны хэштэг, які цяпер палюбілі брытанцы. Пакуль адны разважалі, за каго галасаваць, іншыя фатаграфавалі іхных сабакаў, якія чакалі гаспадароў пад участкамі, і выкладвалі фота з хэштэгам #dogsatpollingstations.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG