Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кансэрватары Тэрэзы Мэй на выбарах у Вялікай Брытаніі аслабілі свае пазыцыі


У Вялікай Брытаніі на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах, паводле экзытполаў, перамагаюць кансэрватары, якія, аднак, губляюць абсалютную большасьць. Кансэрватары атрымалі 314 парлямэнцкіх мандатаў, лейбарысты 266. Шатляндзкая нацыянальная партыя атрымала 34 мандаты, лібэральныя дэмакраты — 14. У палаце грамадаў 650 месцаў.

Такі расклад, калі зьвесткі пацьвердзяцца, азначае, што кансэрватары аслабілі пазыцыі.

Лейбарысты, якія правялі пасьпяховую кампанію, здолелі стварыць сваім супернікам імідж «партыі бессардэчных», якія настойваюць на далейшым абразаньні сацыяльных выдаткаў. Наадварот, сацыяльная рыторыка Джэрэмі Корбіна знайшла немалы водгук перш за ўсё ў маладых выбарнікаў.

Дзейны прэм’ер, лідэр кансэрватараў Тэрэза Мэй абвясьціла аб датэрміновых выбарах 18 красавіка, сьцьвярджаючы, што ёй патрэбны мацнейшы мандат для перамоваў аб Brexit.

У часе кампаніі кансэрватары выступалі за жорсткую лінію на перамовах з Брусэлем. Лейбарысты на чале з Джэрэмі Корбінам сьцьвярджалі, што будуць дамагацца захаваньня зоны свабоднага гандлю з ЭЗ. Лібэральныя дэмакраты настойвалі на новым рэфэрэндуме аб Brexit, а Шатляндзкая нацыянальная партыя — за паўторны рэфэрэндум аб незалежнасьці Шатляндыі.

Кампанія была азмрочаная тэрарыстычнымі актамі, зьдзейсьненымі радыкальнымі ісламістамі ў Манчэстэры 22 траўня і ў Лёндане 3 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG