Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошта прапануе павысіць ліміт на пасылкі з-за мяжы да 200 эўра ў месяц


Ад часу ўвядзеньня лімітаў на пасылкі з-за мяжы Белпошта страціла досыць шмат грошай. Таму цяпер пошта актыўна выступае за тое, каб вярнуць ранейшыя ліміты.

Вяртаньне да ліміту ў 200 эўра ў месяц «Белпошта» прапануе праводзіць паступова да 2019 году.

Пра гэта на круглым стале па пытаньнях электроннага гандлю сказала намесьніца міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ірына Наркевіч.

«Цяпер ідзе абмеркаваньне гэтага пытаньня сумесна зь Дзяржаўным мытным камітэтам. Яны прапанавалі такі варыянт: каб агульная сума пасылак у месяц не перавышала 200 эўра, а кошт адной застаўся на ўзроўні 22 эўра. Гэта значыць, чалавек зможа бязмытна заказваць больш рэчаў», — цытуе tut.by Ірыну Наркевіч.

Паводле чыноўніцы, адбылося пераразьмеркаваньне патокаў тавараў на тэрыторыю Расеі, і цяпер паштовыя аддзяленьні Бранскай і Смаленскай абласьцей актыўна працуюць на Беларусь.

У красавіку 2016 году кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога за пасылкі з таварамі, даражэйшымі за 22 эўра (цану самастойна вызначае мытня) і цяжэйшымі за 10 кг, трэба плаціць дадатковы мытны збор.

Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч сказаў, што пасылкі з таварамі з-за мяжы, якія заказваюць праз інтэрнэт-крамы, абвалілі беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасьці.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG