Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беластоку выдалі турыстычны даведнік па-беларуску, у якім густа ад памылак


Беларускамоўны даведнік па Беластоку і ваколіцы з памылкамі. Фота: Радыё Рацыя

Нядаўна беластоцкі муніцыпалітэт выдаў турыстычны даведнік «Беласток і наваколле. Турыстычныя шляхі» на беларускай мове. Выданьне выклікала абурэньне сярод беларусаў Беластоку вялікай колькасьцю правапісных, лексычных і іншых памылак. На вокладцы нават назва гораду напісана з памылкай: «Біеласток».

Мая колішняя калега зь беластоцкай «Нівы», журналістка, перакладчыца і паэтка Міра Лукша, напісала ліст мэру Беластоку, у якім запатрабавала зьняць даведнік з распаўсюду і пакараць вінаватых у гэтай выдавецкай неахайнасьці.

Міра Лукша, якая ўважліва прачытала 50-старонкавы даведнік, знайшла ў ім больш за 250 моўных памылак і агрэхаў. Мы пагаварылі зь ёй пра гэтае выданьне.

РС: Які наклад гэтага даведніка?

Міра Лукша: Беларуская вэрсія мае наклад 500 экзэмпляраў. Але гарадзкая ўправа выдала такія даведнікі і на іншых мовах — расейскай, ангельскай, мове эспэранта. З таго, што я чула, памылкі ёсьць і ў вэрсіі эспэранта.

РС: А хто першы заўважыў хібы ў беларускай вэрсіі?

Міра Лукша: Першым быў дэпутат гарадзкой рады Славамір Назарук, прадстаўнік Форуму нацменшасьцяў Падляшша. Ён спачатку патэлефанаваў, а потым перадаў мне гэты буклет. Мы ў «Ніве» нічога ня ведалі, што такі беларускамоўны даведнік мае выйсьці. Я пачала чытаць і мае валасы ўсталі дыбам. Там ёсьць фрагмэнты амаль жыўцом па-расейску. Ёсьць фактаграфічныя памылкі або перакручаная інфармацыя. І ёсьць забаўныя моўныя памылкі — напрыклад «dziewicza puszcza» (першабытная пушча) там перакладзена як «дзявочая пушча». Або «schronisko» (турбаза) падаецца як «схрон». Замест «вёскі» маем «вескі». Яны Гуглом перакладалі на расейскую, ці што?

РС: Ці там пазначаны перакладчык або перакладчыцкая фірма, якая рыхтавала беларускую вэрсію?

Міра Лукша: Не, нічога такога няма. Пазначаны толькі выдавец: управа гораду Беластоку.

РС: Ты напісала гнеўны ліст мэру гораду, у якім зьвяртаеш увагу на гэты моўны скандал. Ёсьць нейкі вынік ад тваёй рэакцыі?

Міра Лукша: У Беластоку падняўся вялікі шум. Гэтым выданьнем зацікавіліся СМІ, мне тэлефануюць і пытаюцца, што і як. З публікацыі ў «Газэце выборчай» вынікае, што мэрыя выбачаецца, асабліва «перад беларускай грамадзкасьцю», за гэтае выданьне і абяцае выправіць сваю памылку. Гэта значыць, яны забралі гэты даведнік зь сеткі распаўсюду і хочуць выдаць новую беларускую вэрсію, ужо без памылак. Наогул дзіўна, што ў мэрыі гораду, у якім жыве значная беларуская меншасьць, няма асобы, якая ведала б беларускую мову на больш-менш прыстойным узроўні.

XS
SM
MD
LG