Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіну забаронены ўезд для 341 грамадзяніна Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны мае даручэньне не дапускаць на ўкраінскую тэрыторыю 341 грамадзяніна Беларусі, але не ўдакладняе іхныя прозьвішчы, прафэсійную дзейнасьць ды падставы для забароны на ўезд ва Ўкраіну.

«Інфармацыя пра наяўнасьць або адсутнасьць даручэньня паўнамоцных дзяржаўных органаў або рашэньняў судоў пра часовае абмежаваньне ў праве перасячэньня дзяржаўнай мяжы Ўкраіны ў дачыненьні да канкрэтнай асобы належыць да інфармацыі з абмежаваным доступам, паколькі закранае прыватнае жыцьцё асобы, і яе абарону ад неналежнага распаўсюджаньня забясьпечвае Канстытуцыя Ўкраіны», — адзначыў кіраўнік Галоўнага цэнтру апрацоўкі спэцыяльнай інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Прастакоў у адказе на запыт Радыё Свабода.

Паводле яго, такая інфармацыя можа быць дадзеная толькі пры наяўнасьці згоды асобы, у дачыненьні якой дзейнічаюць абмежаваньні.

«Або ў іншых выпадках, прадугледжаных законам», — удакладніў Андрэй Прастакоў.

Летась Украіна забараніла ўезд на сваю тэрыторыю для 5,4 тысячы замежных грамадзян, у тым ліку для 1,2 тысячы грамадзян Расеі. Асноўная прычына такіх рашэньняў — замах на тэрытарыяльную цэласнасьць краіны, падтрымка агрэсіўных дзеяньняў Расеі і наведваньне Крыму насуперак украінскім законам.

Сёлета агульная колькасьць замежных грамадзян, якім забаронены ўезд ва Ўкраіну, ужо дасягнула 2,5 тысячы асобаў, зь іх 616 ёсьць грамадзянамі Расеі. За наведваньне Крыму забаронены ўезд на тры гады амаль 40 расейскім акторам ды сьпевакам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG